…Маёй сівізны халады
Спыніць мяне будуць не ў стане.
Прайду праз жыццё маладым!
Ты чуеш, зямля, маладым,
Пакуль маё сэрца не стане!…
Ізі Харык
27 сакавіка 2018 года Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры сабраў у музейнай зале зацікаўленных і неабыякавых людзей, каб адзначыць 115-годдзе з дня нараджэння беларускага паэта і перакладчыка Тодара Кляшторнага і 120-годдзе з дня нараджэння ідышамоўнага паэта Ізі Харыка, і такім чынам пряцягнуў праект “ЛіТэАрт”. Музейны праект “ЛіТэАрт” перагортвае старонкі твораў пісьменнікаў, каб успомніць іх імёны і перачытаць іх творы.
Каб наведвальнікі больш даведаліся пра творцаў, Музей запрасіў даследчкаў творчасці таленавітых паэтаў Віктара Жыбуля і Вольфа Рубінчыка.
Паэт і літаратуразнаўца Віктар Жыбуль расказаў прысутным пра постаць і асобу Тодара Кляшторнага, пра яркую індывідуальнасць творчасці паэта і перакладчыка. Выступ быў насычаны шматлікімі цікавымі фактамі і, зразумела, знакавымі вершамі.
Падрабязна пра жыццё і творчасць Ізі Харыка распавёў даследчык творчасці і перакладчык Вольф Рубінчык, які расказаў шмат цікавых і невядомых фактаў, а таксама чытаў вершы Ізі Харыка на мове арыгінала.
Цікавасць да творцаў і іх творчасці не знікае і сёння. Апантаныя Студэнты Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Унуковіч Ганна і Грамадскі Дзмітрый, якія цікавяцца творчасцю Тодара Кляшторнага, расказалі пра свае стаўленне да творчасці паэта і пра свае даследаванні. Сапраўдным падарункам для прысутных было чытанне вершаў дачкі Тодара Кляшторнага – Тадзіяны Кляшторнай.
Сёння паэты, якія засталіся назаўсёды маладымі, натхняюць сваёй творчасцю таленавітую моладзь, на вершы паэтаў пішуцца песні. Завершылася вечарына песняй на верш Тодара Кляшторнага “Вячэрнія сцені апалі…” у выканані паэткі і спявачкі Ксеніі Тоўсцік
Тодар Кляшторны і Ізі Харык нарадзілііся ў сакавіку, у самы паэтычны месяц, таму вечарына “Лёс зрабіў мяне паэтам” была прасякнута вершамі маладых і таленавітых паэтаў, вершы Ізі Харыка і Тодара Кляшторнага ажывалі ў выкананні запрошанных гасцей.
Тодар Кляшторны і Ізі Харык не вучыліся паэзіі — яны ў ёй жылі: сталелі, здзяйснялі тое, што ім наканавана, і адыйшлі ў Вечнасць.
Навуковы супрацоўнік Алена Канапацкая