акцыі да Дня ўсіх закаханых
“МУЗЕЙ ДЛЯ ДВАІХ”
Увечары 14 лютага Літаратурны музей Петруся Броўкі будзе працаваць толькі для двух асоб, двух закаханых, якія атрымаюць магчымасць правесці вечар у цёплым куточку, у сэрцы сталіцы, асяродку літаратуры і мастацтва. Шчасліўцы ў незвычайных абставінах дакрануцца да патаемнага ў жыцці і творчасці Петруся Броўкі, апынуцца ў атмасферы шчырасці і цеплыні, калі вячэрні горад адкрыецца з іншага ракурсу, а цёплая гарбата сагрэе ў лютаўскую непагадзь.
Лірыка Петруся Броўкі кранальная і шчырая. Самыя вядомыя вершы паэта менавіта пра каханне. Песня “Александрына”, якая ў свой час стала сімвалам беларускай песеннай лірыкі, была любімай не толькі сярод беларусаў, але і за межамі нашай краіны. Верш “Пахне чабор” параўноўваюць з “пушкінскім” “Я помню чудное мгновенье”, але “броўкінскія” радкі маюць свой асабісты паэтычны водар — адметна беларускі.
Умовы для ўдзелу ў акцыі:
- зрабіць літаратурна-рамантычны фотаздымак, падпісаўшы яго радком з верша Петруся Броўкі,
- даслаць фотаздымак на адрас museum_brovka@tut.by або ў суполкі vk.com/museum_brovka ці facebook.com/museum.brovka,
- пазначыць кантакты і імёны ўдзельнікаў для далейшай сувязі.
Аўтары лепшага фотаздымка вызначацца 12 лютага і атрымаюць магчымасць правесці самы незвычайны рамантычны вечар у цэнтры горада за кубачкам гарбаты з салодкім пачатункам. Рамантыкі нададуць “лампавая” атмасфера, мяккія пледы, лагоднае святло свечак і жывая музыка ў цёплым літаратурным асяроддзі.
Якое моцнае каханне –
З’яднае двух, не разлучыць,
Адзінствам дум,
Адны жаданні,
Інакш яны не могуць жыць.
Пятрусь Броўка
Адрас: вуліца Карла Маркса, 30 кватэра №4;
Кантактны тэлефон: (017) 327-27-50.