“Сэнс жыцця ў ім самім. І ў кожнага чалавека ён свой. У мяне сэнс жыцця быў у творчасці, у тым, што я пісаў і ведаў, што гэта недарэмна: мяне ўсё ж чыталі. Само жыццё мае агромністы сэнс, шкада толькі, что адводзіцца яго вельмі мала…”
Іван Шамякін
Адзін з самых выдатных і вядомых беларускіх пісьменнікаў – Іван Пятровіч Шамякін – нарадзіўся 30.01.1921 г. у вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці.
Закончыўшы Маркаўскую няпоўную сярэднюю школу, паступіў у Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў, дзе пачаў пісаць вершы і апавяданні. У 1940 г. быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. У гады Вялікай Айчыннай вайны, будучы камандзірам гарматы, а потым камсоргам дывізіёна, удзельнічаў у баях пад Мурманскам, Петразаводскам, у вызваленні Польшчы і ў баях на Одэры.
Пасля дэмабілізацыі, як адзначае Іван Пятровіч у аўтабіяграфіі, “адразу ж пачаў працаваць настаўнікам у Церахоўскім раёне і адначасова вучыцца завочна ў педагагічным інстытуце і інстытуце замежных моў. Першым значным творам на беларускай мове з’явілася аповесць “Помста”, напісаная мною ў Германіі ўлетку 1945 года і надрукаваная ў часопісе “Полымя” № 11-12 за 1945 год. Пасля пачаў сістэматычна друкавацца ў часопісах “Полымя”, “Беларусь”, газеце “Гомельская праўда”. Немалаважную ролю ў творчай біяграфіі Івана Шамякіна адыграла яго асабістае знаёмства з вядомымі пісьменнікамі рэспублікі ў час работы першага пасляваеннага Пленума праўлення Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР (снежань 1945 г.), а ўжо ў ліпені 1947 г. ён сам быў абраны членам Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР.
У жніўні 1948 г. Іван Пятровіч паступіў у партыйную школу пры ЦК КПБ, пасля заканчэння якой працаваў рэдактарам мастацкай літаратуры Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, галоўным рэдактарам альманаха “Советская Отчизна”. Шмат гадоў (1966 – 1980 гг.) займаючы пасаду сакратара, а пасля першага сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, Іван Шамякін знаходзіўся ў самым цэнтры літаратурнага жыцця рэспублікі. Выконваючы шматлікія грамадскія абавязкі, ён часта выступаў з паведамленнямі і дакладамі пра стан сучаснай беларускай літаратуры, пісаў крытычныя артыкулы. З 1980 па 1992 гг. быў галоўным рэдактарам выдавецтва “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя”.
За заслугі ў галіне літаратуры быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, “Знак пашаны”, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі. Іван Пятровіч – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1951 г.) за раман “Глыбокая плынь” , Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1959 г.) за раман “Крыніцы”, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1968 г.) за раман “Сэрца на далоні” і кнігу “Трывожнае шчасце”, Літаратурнай прэміі Міністэрства абароны СССР (1978 г.) за кнігу “Гандлярка і паэт. Шлюбная ноч”, Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне тэатральнага мастацтва, кінематаграфіі, радыё і тэлебачання (1982 г.) за кінафільм “Вазьму твой боль”.
У 1972 г. Івану Пятровічу Шамякіну было нададзена ганаровае званне Народнага пісьменніка БССР, а да свайго 60-годдзя пісьменнік быў удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы.
Акрамя літаратурнай дзейнасці Іван Пятровіч ўсё жыццё актыўна ўдзельнічаў у грамадска-палітычным жыцці. У 1963 г. як сябра дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XVIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Неаднаразова абіраўся дэпутатам Вярхоўных Саветаў БССР (1963-1985 гг.) і СССР (1980-1989 гг.), старшынёй Вярхоўнага Савета БССР (1971-1985 г.).
За больш чым 60-гадовую творчую працу І. Шамякіна выйшлі ў свет каля 130 кніг. Сярод самых вядомых: раманы “Глыбокая плынь” (1949 г.), “У добры час” (1953 г.), “Сэрца на далоні” (1964 г.), “Снежныя зімы” (1970 г.), “Атланты і карыятыды” (1974 г.), “Вазьму твой боль” (1979 г.), “Петраград – Брэст” (1983 г.), “Зеніт” (1987 г.); цыкл з пяці аповесцей (“Непаўторная вясна” (1957 г.), “Начныя зарніцы” (1958 г.), “Агонь і снег” і “Пошукі сустрэчы” (1959 г.), “Мост” (1965 г.) аб’яднаных ў пенталогію “Трывожнае шчасце” (1960, 1973, 1982 гг.); апавяданні і аповесці “Дзве сілы” (1951 г.), “Матчыны рукі” (1961 г.), “Вячэрні сеанс” (1968 г.), “Бацька і дзеці” (1971 г.), “Гандлярка і паэт. Шлюбная ноч” (1976 г.), “У роднай сям’і” (1986 г.); п’есы “Не верце цішыні” (1958 г.), “Выгнанне блудніцы” (1961 г.), “Экзамен на восень” (1973 г.), “Баталія на лузе” (1975 г.), “Залаты медаль» (1979 г.), а таксама кніжкі апавяданняў для дзяцей.
У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры захоўваецца каля 800 музейных прадметаў, звязаных з жыццём і творчасцю народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна. Першыя прадметы, прынятыя на пастаяннае захоўванне, былі перададзены самім Іванам Пятровічам у 1987 г. З гэтага перыяду і да 2004 г. пісьменнік падараваў музею каля 600 прадметаў, якія склалі аснову яго архіву. Сярод матэрыялаў: фатаграфіі, дакументы, кнігі, у тым ліку з аўтографамі, часопісы, запрашальныя білеты, афішы, лісты, паштоўкі, рукапісы, асабістыя рэчы. Каля 200 прадметаў пасля смерці пісьменніка былі перададзены ў музей яго нашчадкамі і папоўнілі музейныя калекцыі “Газеты”, “Ткацтва”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” і “Жывапіс”.
Асаблівай каштоўнасцю ў складзе пісьменніцкага архіву вылучаюцца кнігі з аўтографам Івана Шамякіна Васілю Вітку, Сяргею Новіку-Пяюну, Алесю Адамовічу, Кандрату Крапіве, Івану Чыгрынаву і інш., больш за 100 кніг аўтарства Івана Пятровіча на 10 мовах свету (сярод іх першыя выданні кніг, за якія ён быў узнагароджаны прэміямі БССР і СССР), больш за паўтары сотні фотадакументаў, рукапісы аповесці “Тайна драмы”, апавядання “Вячэрні сеанс”, перапіска з Васілём Віткам, Валянцінай Шчадрыной, лісты выдавецтваў да пісьменніка, шматлікія пасведчанні, граматы і запрашэнні на імя Івана Шамякіна, асабістыя рэчы (гальштукі, ручкі, акуляры), ілюстрацыі Арлена Кашкурэвіча да раманаў пісьменніка “Сэрца на далоні” і “Снежныя зімы”, газеты і часопісы з творамі Івана Пятровіча.
Іван Шамякін – прызнаны майстар айчыннай мастацкай прозы, класік
беларускай літаратуры, адна з самых значных фігур у культуры нашай краіны. Яго творы шырока вядомыя і папулярныя сярод чытачоў таму, што ён умеў выбіраць актуальныя, цікавыя для народа тэмы, спрабаваў заўважаць новыя, тыповыя рысы ў свядомасці і паводзінах людзей. Вобразы яго твораў зразумелыя і блізкія кожнаму чытачу. Творчая і грамадская дзейнасць Івана Пятровіча Шамякіна— прыклад самаадданага служэння роднай літаратуры, беларускай культуры і свайму народу.
Шышова Н.А.,
старшы навуковы супрацоўнік
аддзела ўліку, навуковай апрацоўкі
і захоўвання фондаў