Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Пісьменніцы ў аб’ектыве Уладзіміра Крука

25 верасня 2026 года ў фае Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры пачынае працу фотаэкспазіцыя «Жаночыя твары беларускай літаратуры», прысвечаная Году беларускай жанчыны. На выставе прадстаўлены фотапартрэты (павялічаныя копіі) дзесяці беларускіх пісьменніц, зробленыя ў 1960–1980-я гады. Вера Вярба, Валянціна Коўтун, Яўгенія Янішчыц, Ніна Мацяш, Раіса Баравікова, Алена Васілевіч, Нэла Тулупава, Валянціна Аколава, Эдзі Агняцвет, Таіса Бондар – кожная з іх паўстае перад гледачом у сваім, непаўторным вобразе.

Аўтар фота – Уладзімір Андрэевіч Крук (1927–2008) – вядомы беларускі фатограф і фотакарэспандэнт, больш за трыццаць гадоў жыцця якога былі звязаны з газетай «Літаратура і мастацтва». З 1957 па 1991 год ён працаваў яе штатным фотакарэспандэнтам, супрацоўнічаў таксама з часопісам «Тэатральная Беларусь». Не маючы спецыяльнай прафесійнай адукацыі, Уладзімір Крук больш за 45 гадоў прысвяціў фатаграфіі, стварыўшы вялікі фоталетапіс культурнага жыцця Беларусі.

Задуменная і засяроджаная Ніна Мацяш, спакойная і мяккая Таіса Бондар, маладая, рамантычная Раіса Баравікова… Перад намі не «парадныя» вобразы пісьменніц, а натуральныя, пазбаўленыя афіцыйнасці партрэты. Пазіраванне не выглядае пастаўленым – наадварот, здаецца, што гэтыя моманты выпадкова падгледжаныя. Глядач не сустракаецца з жанчынамі позіркам непасрэдна, а нібыта становіцца сведкам асабістага, амаль інтымнага моманту.

Асаблівую каштоўнасць выставе надаюць аўтографы пісьменніц –  вершы, пажаданні, прызнанні, сур’ёзныя і жартаўлівыя. Размешчаныя побач з выявамі, яны ствараюць своеасаблівы дыялог паміж фатаграфічным і літаратурным вобразамі. Надпісы на здымках сведчаць не толькі пра высокую ацэнку творчасці фатографа, але і пра цёплыя чалавечыя адносіны паміж ім і тымі, каго ён здымаў:

«Ні шчасця, ні радка без Уладзімера Крука!.. » (Нэла Тулупава).

«Несумненна, што кожны рад (для гісторыі ці для сябрука) трапіць у бліскучы кадр работы Уладзіміра Андрэевіча Крука!» (Раіса Баравікова).

«Уладзіміру Круку – уладару ўсіх падгледжаных і запыненых, абнародаваных і да часу прыхаваных імгненняў нашага хуткаплыннага жыцця….» (Таіса Бондар).

«Хай доўга-доўга радуе людзей Валодзя Крук –  наш добры чарадзей!» (Эдзі Агняцвет).

Большасць прадстаўленых на выставе фотаздымкаў была перададзена ў фонды Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры самім Уладзімірам Андрэевічам Круком у 2007 годзе.

Спадчына выдатнага беларускага фотакарэспандэнта працягвае жыць у фотаздымках, якія сёння становяцца каштоўнымі дакументамі эпохі. Яны захоўваюць не толькі вобразы людзей, што стваралі беларускую літаратуру, але і атмасферу літаратурнага жыцця Беларусі другой паловы ХХ стагоддзя.

Выстава будзе дзейнічаць па 3 студзеня 2027 года.

Уваход вольны.

Close Menu