Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

У філіяле «Беларуская хатка» прайшла дыялогавая пляцоўка да 140-годдзя з дня нараджэння Змітрака Бядулі

24 красавіка 2026 года ў філіяле «Беларуская хатка» Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры адбылася дыялогавая пляцоўка, прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Змітрака Бядулі (Самуіла Яфімавіча Плаўніка).

Мерапрыемства распачалося прэзентацыяй часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі, падрыхтаванай на аснове фондаў музея. Экспазіцыю прадставіла загадчык філіяла Ала Івашкевіч.

У межах сустрэчы прагучалі выступленні вядомых даследчыкаў, літаратараў і грамадскіх дзеячаў. Вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Таццяна Васільева распавяла пра ўнікальныя музейныя прадметы, звязаныя з жыццём і творчасцю пісьменніка.

З дакладамі, прысвечанымі розным аспектам творчасці Змітрака Бядулі, выступілі: паэт, празаік, радыёжурналіст і тэлевядучы, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Навум Гальпяровіч; загадчык філіяла «Літаратурны музей Максіма Багдановіча» Міхаіл Бараноўскі; галоўны рэдактар навуковага і метадычнага часопіса «Роднае слова» Наталля Шапран; старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі навукова-даследчага цэнтра «Акадэмія адукацыі» Таццяна Лаўрык; вядучы архівіст Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Наталля Мізон; вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускай літаратуры ХХ і ХХІ стст., кандыдат філалагічных навук, дацэнт Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Ігар Шаладонаў.

Асаблівую атмасферу сустрэчы надала прысутнасць сына пісьменніка – Яфіма Плаўніка, які падзяліўся ўспамінамі і сямейнымі гісторыямі.

Асобнай тэмай стала ўшанаванне памяці Змітрака Бядулі: удзельнікі ўзгадалі вяртанне яго праху ў Беларусь і адкрыццё надмагільнага помніка ў 2025 годзе. Пра мастацкае рашэнне манумента распавёў яго аўтар – скульптар Сяргей Гумілеўскі.

Сярод гасцей імпрэзы прысутнічалі старшыня Мінскага аб’яднання яўрэйскай культуры імя І. Харыка Елізавета Мальцава, член праўлення гэтай арганізацыі Ігар Данілаў, галоўны рабін Рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага іўдаізму ў Рэспубліцы Беларусь Рыгор Абрамовіч.

Мадэратарам мерапрыемства выступіла вучоны сакратар музея Наталля Калядчык.

Дыялогавая пляцоўка стала значнай культурнай падзеяй, якая аб’яднала навукоўцаў, літаратараў і ўсіх аматараў беларускай літаратуры. Яна яшчэ раз пацвердзіла, што творчасць Змітрака Бядулі застаецца актуальнай, а яго слова працягвае гучаць у сучаснай культурнай прасторы.

Close Menu