Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Строі з дэфіле ад 20.08.25. Фота і апісанні. Частка 3

Працягваем публікаваць фотаздымкі строяў з дэфіле, якое 20 жніўня праходзіла ў нашым музеі і пакінула па сабе незабыўныя ўражанні.

Аўтар фота – Дар’я Сапранецкая.

Нараўлянскі строй. Аўтары – Надзея Партыка, Наталля Ярмалінская.

Яшчэ адзін са строяў, па якіх зусім няшмат інфармацыі. Кашуля, пашытая на гестцы, і фартух – капійныя. Яны вышытыя крыжыкам, які шырока распаўсюдзіўся ў Беларусі цягам ХХ ст. Таксама можна ўбачыць палескі андарак у вертыкальную чорна-жоўта-белую палоску, друкаваную баваўняную хусту, аўтэнтычны палескі паласаты пояс, тканы на ніту, і старадаўнія бурштынавыя пацеркі.

Буда-Кашалёўскі строй. Аўтар – Алена Шэвялевіч.

Гэты строй уключае ў сябе шмат адметных дэталяў.  Кашуля мае адкладны каўнер, аздоблены па краі карункамі, на плячы і на запясці – цікавая зборка чорнай ніткай, якая ўтварае рамбічны геаметрычны арнамент.  Выразны прыталены сілуэт утварае чорная карсетка, аздобленая дэкаратыўнымі элементамі з аксаміту. Таксама тут вы бачыце цікавы фартух, пашыты з палосаў каляровай тканіны, вышытых каляровым крыжыкам, і палосаў вязаных шыдэлкам карункаў.

Калінкавіцкі строй. Аўтары – Яўгенія Гармель, Наталля Ярмалінская.

Калінкавіцкі строй добра вядомы аматарам этнаграфіі. Па ім шмат візуальных крыніцаў. Але тут хацелася  паказаць крыху незвычайную камплектацыю . На мадэлі мы бачым копію вясельнай кашулі з вёскі Залатуха, увесь дэкор на якой выкананы “белым па белым” і ўключае ў сябе шмат архаічных дэкаратыўных тэкстыльных тэхнік. Фартух мае больш позні дэкор, ён вышыты крыжыкам  і аздоблены застрочкамі. Андарак класічны, у вертыкальную чорна-жоўта-белую палоску.

Нараўлянскі строй (верхняе адзенне). Аўтары – Надзея Партыка, Наста Глушко.

Вышэй мы бачылі нараўлянскі строй ў летнім варыянце, а зараз яго ж – халоднай парой. Тут наверх апранутая цёмна-карычневая світа класічнага крою, пашытая з аўтэнтычнага валянага сукна і аздобленая вітымі чырвоным і аранжавым шнурамі.

Турава-Давыд-Гарадоцкі строй. Аўтар – Юлія Літвінава.

Адзін з найбольш яскравых, незвычайных і багатых беларускіх строяў. Створаны на падставе навуковых даследаванняў і ўласных этнаграфічных і творчых пошукаў аўтара. На мадэлі мы бачым белую кашулю з адкладным каўняром і манжэтамі-брыжамі. Кабат і фартух – з дарагіх жакардавых крамных тканін, а андарак – з даматканага матэрыялу, аздобленага аксамітнай стужкай. Строй уключае ў сябе шмат шыйных упрыгожванняў, а таксама вельмі цікавы пояс, пашыты з вінтажнага галуна, і ўнікальны аб’ёмны галаўны ўбор замужніх жанчын – “галовачку”.

Close Menu