Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Выстава выцінанак Кацярыны Масэ

Выцінанка – беларускае традыцыйнае мастацтва фігурнага выразання з паперы і тканіны, якое мае даўнюю і самабытную гісторыю на нашай зямлі. У 2024 годзе беларуская выцінанка была ўключана ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

21 лістапада ў Літаратурным музеі распачне працу выстава аўтарскіх выцінанак Кацярыны Масэ.

Кацярына Масэ – мастачка, паэтка, мовазнаўца з Мінска. Займаецца выцінанкай каля шасці гадоў. Працы Кацярыны – гэта плод сінтэзу старажытных сэнсаў і стылістыкі з сучасным бачаннем і эстэтыкай. Яна стварае як класічныя карціны ў тэхніцы выцінанкі, так і вялікафарматныя выцінаныя палотны.

“Выцінанка – гэта мастацтва з глыбіні паперы. Кожны прарэз – нібы акенца, партал у чароўны свет. Разам яны ўтвараюць надзвычайны ўзор-тэкст. Ён апавядае пра зямлю і неба, пра карані і святло далёкай галактыкі, пра цвіценне веснавога саду і шлях да Вечнага і Прыгожага.

Ствараючы выцінанку, ты не ведаеш дакладна, што ў цябе атрымаецца ў выніку! Што выявіцца перад табою, калі ты нарэшце разгорнеш складзены аркуш? Кожны вобраз – нечаканасць, таямніца. Акурат як у жыцці!

Калісьці папера была для мяне проста паперай, а нажніцы – проста нажніцамі. Сёння гэта – магчымасць “прарэзаць” заслону штодзённасці і паглядзець: а што там – па той бок звычайнага аркуша?” – так распавядае пра  сваю творчасць Кацярына Масэ.

Запрашаем усіх жадаючых на адкрыццё выставы 21 лістапада ў 18:30. Уваход вольны.

Выстава будзе працаваць па 29 студзеня 2026 г.

Уваходны квіток: 2,50 руб. – школьнікі, студэнты, 5 руб. – астатнія катэгорыі наведвальнікаў. Экскурсійнае абслугоўванне па папярэдняй замове.

Тэлефон для даведак: +375 17 363 56 21.

Адрас: вул. М. Багдановіча, 13.

Close Menu