Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Date

21 чэрв 2025
Ongoing...

Літаратурна-музычнае свята “Цімкавіцкія вытокі”

Сёлета 24 чэрвеня мы рыхтуемся адзначыць 125-годдзе з дня нараджэння Кузьмы Чорнага (1900–1944) – выбітнага пісьменніка, яскравага прадстаўніка беларускай прозы, таленавітага драматурга і публіцыста, літаратурнага крытыка і перакладчыка. Родная вёска Цімкавічы, дзе вучыўся і гадаваўся пісьменнік, яе прырода, гаворка і побыт аднавяскоўцаў вельмі моцна паўплывалі на творчасць Кузьмы Чорнага, які зазначаў: “дзе прайшло маленства, там пачынаецца Радзіма”. Многія аднавяскоўцы сталі героямі яго твораў. “Мне б на ўсё жыццё хапіла апісваць цімкаўцаў”, – часта гаварыў пісьменнік.

Напрыканцы жыцця ён узгадваў мілыя сэрцу Цімкавічы, вельмі хацеў пабачыць іх, верыў, што там “у ціхім жыцці, можна будзе ачуняць як мае быць і напісаць усе задуманыя раманы”, але здзейсніць гэта ўжо не давялося…

21 чэрвеня 2025 года ў аграгарадку Цімкавічы Капыльскага раёна пройдзе чацвертае па ліку літаратурна-музычнае свята “Цімкавіцкія вытокі”. Свята ладзіцца ў філіяле “Літаратурны музей Кузьмы Чорнага” і на прылягаючых тэрыторыях сумесна з Капыльскім райвыканкамам пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Час правядзення: 16:00 – 20:00.

У праграме – вялікая канцэртная праграма з удзелам Народнага вакальнага калектыву “Медавіца” і артыста эстрады Сяргея Славянскага, а таксама прадстаўленне Лялечнага тэатра-батлейкі  “Дом з Марамі”, цікавыя экскурсіі па музеі, сустрэчы з пісьменнікамі, гульні, майстар-класы, разыгранкі, мноства інтэрактыўных пляцовак і фотазон.

Упершыню ў Літаратурным музеі Кузьмы Чорнага можна будзе ўбачыць арыгінальныя работы вядомых беларускіх мастакоў А.Кашкурэвіча, А.Волкава, М.Гуціева, У.Малахава з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры – 25 графічных работ-ілюстрацый да вядомых твораў Кузьмы Чорнага: “Бацькаўшчына”, “Трэцяе пакаленне”, “Пошукі будучыні” і “Люба Лук’янская”.

Таксама на свяце будуць працаваць  выставы-продажы майстроў народнай творчасці, выставы сельскагаспадарчых арганізацый Капыльскага раёна з дэгустацыяй страў беларускай кухні, кропкі грамадскага харчавання.

Запрашаем усіх аматараў літаратуры, музыкі ды падарожжаў у Цімкавічы разам з намі! Вы пабываеце ў вёсцы са старадаўняй гісторыяй, пазнаёміцеся з музеем Кузьмы Чорнага, незабыўна правядзеце час на свежым паветры за вершамі, спевамі ды танцамі. І ўсё гэта – у творчай, гасціннай атмасферы, у прыязнай і каларытнай кампаніі мясцовых жыхароў.

Падрабязная праграма з’явіцца неўзабаве.

Музей арганізуе транспарт на мерапрыемства па маршруце Мінск-Цімкавічы-Мінск. Адпраўленне 21 чэрвеня 2025 г.ў 13:30 ад набярэжнай р.Свіслач паблізу мемарыяла “Востраў слёз”. Прыкладны час вяртання ў Мінск – 22:00. Квіткі – 35р. Браніраванне месцаў: +375 (17) 363-94-65. Квіткі можна набыць ў касе Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры па адрасе г.Мінск, вул М.Багдановіча, 13 або анлайн па спасылцы https://24afisha.by/ru/minsk/events/performances/4352313. Першым 20 пакупнікам – падаруначкі ад музея.

The event is finished.

Close Menu