Праект “Беларускія пісьменнікі – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны”
АРКАДЗЬ КУЛЯШОЎ
народны паэт Беларусі
6 лютага 1914 – 4 лютага 1978
У чэрвені 1941 года Аркадзь Куляшоў пакінуў разбураны фашысцкай бамбардзіроўкай, ахоплены пажарам Мінск. Пешшу ён дайшоў да Оршы, затым на цягніку дабраўся да Калініна і там уступіў у Чырвоную Армію. Пад Ноўгарадам скончыў ваенна-палітычнае вучылішча. У 1941–1943 гг. на фронце ў армейскай газеце «Знамя Советов», у 1943-1945 у Беларускім штабе партызанскага руху.
Узнагароджаны медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945”.
«Cцяг бpыгaды» – aдзiн з пepшыx i нaйбoльш выдaтныx твopaў бeлapycкaй пaэзii чacoў вaйны. У паэме адлюстраваны падзеі ад яе першых дзён, калі галоўны герой Алесь Рыбка развітваецца з рэчамі сваёй мінскай кватэры, пакідае палаючы Мінск і ідзе на суровую і цяжкую бітву з акупантамі. Пaэмa нaпicaнa ў фopмe пaэтычнaгa дзённiкa Aлecя, яе галоўная сюжэтная лінія звязана з выpaтаваннем вайсковай рэліквіі – брыгаднага сцяга.
Аркадзь Куляшоў пісаў гэты твор у цяжкіх франтавых умовах 1942 года. Пазней ён узгадваў, што паэма нарадзілася за сорак дзён.
Некаторыя падрабязнасці гісторыі стварэння «Сцяга брыгады» раскрыла Валянціна Куляшова, дачка паэта. У сваім артыкуле «У водсвеце сцяга» яна ўпершыню апублікавала ліст, напісаны бацькам 21.10.1942 г. і адрасаваны Міхасю Лынькову як сакратару Саюза пісьменнікаў:
«Дарагі Міхась! Учора скончыў паэму «Сцяг брыгады», якую пісаў да 25 гадавіны Кастрычніка. Паэма аб айчыннай вайне і Беларусі. Памер – 2000 радкоў. Пішу т. Гарбунову пісьмо, каб ён напісаў сюды начальніку палітаддзела і рэдактару просьбу ад свайго імя, каб мяне камандзіравалі ў Маскву ў распараджэнне аддзела прапаганды на 25–30 дзён. Думаю за гэты час зрабіць разам з перакладчыкам пераклад на рускую мову і прапанаваць паэму альбо «Известиям», альбо якому часопісу. Паэма, як мне здаецца, атрымалася някепская. Вядома, адшліфаваць яе не шкодзіць. Хацелася б прачытаць усім вам, бо я тут адзін, як воўк, і прачытаць некаму, а хацелася б ведаць думку людзей, якія ў паэмах разбіраюцца».
Куляшова, В. У водсвеце сцяга / В. Куляшова // Полымя. — 2004. — № 7. — С. 148—156.
Па выніку, паэма «Сцяг брыгады» першапачаткова друкавалася ў часопісе «Знамя» ў №№ 2–3 за 1943 год у перакладзе на рускую мову Міхаіла Ісакоўскага. Твор чыталі ў акопах, урыўкі вучылі на памяць.
За паэму «Сцяг брыгады» А. Куляшову ў 1946 годзе прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР першай ступені. Атрыманую прэмію паэт патраціў на пабудову новага дома бацькам у Хоцімску, замест спаленага фашыстамі.