10 снежня 2024 года ў 17:00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца імпрэза, прысвечаная святкаванню 100-гадовага юбілею грамадска-палітычнага і літаратурна-мастацкага часопіса для падлеткаў “Бярозка” (1924–2024). Падчас мерапрыемства адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы «Расці высока, “Бярозка”!», прысвечанай гісторыі выдання-юбіляра.
У снежні 1924 года ў Беларусі выйшаў першы нумар штомесячнага часопіса для дзяцей “Беларускі піянер”, які стаў папярэднікам “Бярозкі”. У 1929 годзе рэдакцыя падзялілася на два выданні: газета “Піянер Беларусі” і часопіс “Іскры Ільіча” (выходзіў з кастрычніка 1929 да красавіка 1941). Падчас Вялікай Айчыннай вайны часопіс не выходзіў, але з чэрвеня 1945 года яго выданне было адноўлена і ўжо пад сучаснай – “Бярозка”.
З лістапада 2023 года часопіс мае статус інтэлектуальны часопіс для падлеткаў. Рэдакцыя ставіць перад сабой важныя задачы: наладжванне сувязі паміж падлеткамі і дарослымі, выхаванне грамадскай актыўнасці, патрыятызму, сацыяльнай эмпатыі, а таксама развіццё аналітычных і творчых здольнасцяў у маладых чытачоў. Таксама часопіс імкнецца стварыць беларускамоўную супольнасць, якая аб’яднае чытачоў, аўтараў і рэдакцыю/рэдкалегію. У выданні існуе мноства рубрык, накіраваных на інтэлектуальнае і псіхалагічнае развіццё юнакоў і дзяўчат, пашырэнне іх культурна-мастацкага кругагляду і творчых уменняў. У кожным нумары друкуюцца літаратурныя, журналісцкія і навуковыя творы. Часопіс выходзіць штомесяц на 32 старонках з тыражом больш за 1000 асобнікаў.
На выставе можна будзе пабачыць нумары часопіса “Іскры Ільіча” канца 20-ых – пачатку 40-ых гг. мінулага стагоддзя, а таксама выданні часопіса “Бярозка” за розныя гады з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і архіва рэдакцыі. Падчас прэзентацыі будзе магчымасць не толькі пабачыць старыя выданні ў вітрынах, але і патрымаць іх у руках, пагартаць, пачытаць.
На мерапрыемстве можна будзе пазнаёміцца з творчай камандай часопіса, даведацца пра яго гісторыю і эвалюцыю, выпрабаванні мінулага і планы на будучыню.
Выстава будзе дзейнічаць да 2 лютага 2025 года.
Запрашаем усіх жадаючых! Уваход вольны.
Чакаем вас па адрасе: г.Мінск, вул. М. Багдановіча, 13.
Прадстаўнікоў СМІ просім паведаміць аб прысутнасці на мерапрыемстве па тэлефоне: +375 17 363 94 65.