Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Фондавая пятніца: Optima

Гадзіннік падчас Вялікай Айчыннай вайны меў не меншае значэнне, чым зброя. Без іх немагчыма было ўзгадніць сумесныя дзеянні розных воінскіх падраздзяленняў, гадзіннікі разам з компасам былі галоўным сродкам авіяцыйнай навігацыі. У баі іх выкарыстоўвалі маракі, лётчыкі, пяхота, танкісты. Штурманы авіяцыі пракладалі курс па карце ўручную, маючы толькі компас і гадзіннік з секундамерам, якія дапамагалі вызначыць пройдзеную адлегласць па часе.

У фондах Літаратурнага музея Петруся Броўкі захоўваецца кішэнны гадзіннік фірмы Optima, які належаў паэту. Хутчэй за ўсё, гадзіннік трапіў да Петруся Броўкі падчас Вялікай Айчыннай вайны ці адразу пасля яе. Падчас вайны многія рэчы траплялі ў спецыяльныя трафейныя каманды. Гадзіннікі, сабраныя такімі камандамі, паступалі ў фонд для ўзнагарод, бо былі каштоўным і практычным падарункам. Камандаванне ў частках арміі разумела, што да моманту ўзнагароджання медалём або ордэнам іх падначаленыя могуць проста не дажыць.

У якасці трафеяў савецкім воінам траплялі гадзіннікі як нямецкай, так і швейцарскай вытворчасці. У 1940-я гады нейтральная Швейцарыя выпускала іх як для Германіі і краін-саюзнікаў яе, так і для краін антыгітлераўскай кааліцыі. Адны швейцарскія фірмы не ставілі свой лагатып на цыферблат (Omega, International Watch Co.), іншыя прыдумлялі неіснуючыя брэнды, трэція, (Zenith, Longines, Doxa) пакідалі сваю сапраўднае назву. Гадзіннікі для сухапутных нямецкіх войскаў адзначаліся кляймом DH, KM – для падводнікаў, FL – для лётчыкаў.

Кішэнны гадзіннік Петруся Броўкі быў зроблены яшчэ ў 1930-я гады, таму ён не падобны да традыцыйных гадзіннікаў у “ваенным стылі” (з чорным антыблікавым цыферблатам). Ён мае корпус адкрытага тыпу з храміраваннем і дзвюма вечкамі, якія шчыльна зачыняюцца, цёмна-бэжавы цыферблат з арабскімі лічбамі і стрэлкамі, а таксама асобны малы цыферблат для секундамера. На цыферблаце змешчаны подпіс “Optima – SWISS MADE”. Шкло арыгінальнае, мінеральнае, стрэлкі сталёвыя, пры гэтым і стрэлкі, і лічбы маюць нанесеную люмінесцэнтную фарбу, якая змяшчае радый. Радый застанецца там яшчэ на некалькі тысяч гадоў, таму што перыяд паўраспаду радыя (ізатопа радыя 226 ў якасці актыватара) складае 1612 гадоў. Механізм, прыменены для гэтага гадзінніка – анкернага тыпу і на 15 рубінах, а платы і масты маюць родзіевае пакрыццё.

Гісторыя фірмы Optima пачынаецца з 1918 года ў горадзе Грэнхене, Швейцарыя, дзе аднайменны завод заснаваў Франц Петэр. Першапачатковая назва была F. Peter, Fabrique D’horlogerie Optima. Цікава, што майстар гадзіннікаў Чарльз Рабэр-Цісо абараніў гандлёвую марку з такой жа назвай “Optima” яшчэ ў 1896 годзе. Але афіцыйна кампанія была зарэгістраваная 12 мая 1923 года менавіта Францам Петэрам і ўнесена ў міжнародны спіс пад нумарам 54075. На выстаўцы ў Парыжы ў 1925 годзе наручныя гадзіннікі фірмы атрымалі вышэйшы прыз.

Як і многія іншыя гадзіннікавыя заводы, Optima стала банкрутам з-за крызісу 1930 года і гадзіннікавы завод быў прададзены Альберту Грасэнбахеру, які меў долю ў фірме Modena Watch Co. і выпускаў механізмы для гадзіннікаў і наручныя гадзіннікі для армейцаў на экспарт, у прыватнасці, у ЗША. З тых часоў не толькі механізмы пачалі насіць подпіс “Alb. Grossenbacher”, але і да назвы кампаніі дадалося імя новага ўладальніка.

У 1938 годзе кампанія Optima паспяхова ўдзельнічала ў выпрабаваннях хранометра на выпрабавальным стэндзе хранометра ў Біле са сваімі кішэннымі гадзіннікамі. Гэтыя выпрабаванні заключаліся ў фіксаванні адхіленняў хады ў залежнасці ад месцазнаходжання і тэмпературы. Калі адхіленні хады атрымліваліся малымі, то гадзіннік прызнаваўся як асабліва дакладны, а завод атрымліваў завераны пропуск.

13 чэрвеня 1946 года кампанія была ўнесена ў міжнародны спіс пад нумарам 105 372 пад назвай Albert Grossenbacher Watch Fabrik Optima. З 1939 па сярэдзіну 1960-х гадоў Optima таксама была прадстаўлена на Базельскай выставе. Пасля гэтага аб далейшай дзейнасці кампаніі нічога не вядома да 1981 года, калі Optima зноў з’явіўся на выставе ў Базелі пад назвай ад Optima Watch Fabrikations GmbH. Штаб-кватэра кампаніі знаходзілася ў горадзе Пфорцхайм. У 1995 годзе кампанія Optima Industries заснавала ў Індыі гадзіннікавы брэнд Optima Watches, што стварыла некаторую блытаніну, але выкарыстанне назвы не было заўважана ўладальнікамі арыгінальнай фірмы.

Optima набыў прыкладна ў 2004 годзе М. Васфі Тахер, генеральны дырэктар фірмы Riba Watch Group і заснавальнікам гадзіннікавага атэлье ў швейцарскім Ле Локле. Сёння продаж гадзіннікаў брэндаў Optima і Murex ў асноўным ажыццяўляецца на Блізкім Усходзе – у Егіпце, Бахрэйне, Іарданіі, Кувейце і Турцыі. Кампанія носіць назву Optima, Swiss Watch Since 1923, але гэта не зусім так, таму што на самай справе яна прыкладна на 5 гадоў старэйшая.

Close Menu