Запрашаем на куратарскую экскурсію па выставе “Жменя сонечных промняў”, прысвечаную беларускім пісьменнікам-юбілярам 2024 года. Экскурсію правядзе загадчык навукова-асветніцкага аддзела музея Валянціна Кароткіна.
На выставе вы пазнаёміцеся з творчасцю сямі выбітных пісьменнікаў, чые юбілеі адзначаюцца ў бягучым годзе: Івана Чыгрынава, Артура Вольскага, Алеся Савіцкага, Аркадзя Куляшова, Максіма Лужаніна, Алеся Якімовіча, Міхася Лынькова.
Тут вы зможаце пабачыць асабістыя рэчы, прадметы адзення, аксесуары пісьменнікаў, фотаздымкі, экслібрысы, кнігі з аўтографамі, пазнаёміцца з іх аўтабіяграфіямі, лістамі, рукапісамі, дакументамі.
Калі вы сапраўдны аматар беларускай літаратуры або толькі пачынаеце ёй цікавіцца, раім не прапусціць гэту прапанову!
Экскурсія з’яўляецца дабрачыннай – заробленыя грошы будуць залічаны на рахунак, дзе акумулююцца сродкі на стварэнне надмагільнага манумента пісьменніку і дзеячу літаратурна-грамадскага руху ў Мінску пачатку XX ст. Змітраку Бядулю.
Усіх удзельнікаў чакаюць памятныя сувеніры ад музея!
Унёсак: ад 10 руб.
Адрас: г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 13.
Запіс па тэл.: +375 (17) 363 94 65, +375 (17) 363 56 21.
Для даведкі:
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 3 лістапада 1941 г., Змітрок Бядуля (сапр. Самуіл Яфімавіч Плаўнік) памёр у эвакуацыі каля г.Уральск (Казахстан), дзе быў пахаваны на гарадскіх могілках. Намаганнямі дзяржавы і грамадскасці была арганізавана работа па вяртанні яго на Бацькаўшчыну. Пры арганізацыйнай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Мінгарвыканкама, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і прыхільнікаў таленту пісьменніка 3 лістапада 2020 года адбылося перапахаванне яго парэшткаў на Усходніх могілках у Мінску.
Напрыканцы вясны 2023 года Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ініцыяваў збор сродкаў на вытворчасць і ўстаноўку надмагільнага помніка Змітраку Бядулю (аўтар эскіза – скульптар С.Гумілеўскі). Музею неабходна сабраць 12,5 тысяч беларускіх рублёў. На дадзены момант на дабрачынным рахунку каля 11,5 тыс.руб. Збор працягваецца.