10 жніўня 2023 года адзначаецца 145 год з дня нараджэння тэатральнага рэжысёра, драматурга, прафесара, аднаго з заснавальнiкаў беларускага савецкага тэатра, Народнага артыста БССР, члена Саюза пісьменнікаў СССР, Міровіча Еўсцігнея Афінагенавіча (сапр. Дунаеў, 1878 – 1952 гг). Ён з’яўляецца аўтарам і пастаноўшчыкам п’ес «Машэка» («У часы даўнейшыя»), «Тэатр купца Епішкіна», «Каваль-ваявода», «Кар’ера таварыша Брызгаліна», «Перамога», «Запяюць верацёны», «У вясновую ноч» і інш. Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і “Знак Пашаны”.
У нашых фондах захоўваюцца цікавыя музейныя прадметы, якія належылі Еўсцігнею Міровічу і перададзены яго дачкой Кірай Дунаевай-Міровіч у 1988 годзе. Гэтыя прадметы заклалі пачатак фарміравання ўсяго збору ўстановы.
Сярод рэчаў прадстаўлены:
- кішэнны гадзіннік “ЗіМ” канца 1930-ых гг. (такія гадзіннікі выпускаліся на заводзе імя Масленікава ў г. Куйбышаў, сумесна з французскай фірмай Lip);
- скураны гаманец для захоўвання дакументаў і грошай вядомай маркі Зінгер;
- дакументы, рукапісы і фатаграфіі Еўсцігнея Міровіча.