Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

“Цімкавіцкія вытокі” збіраюць сяброў

24 чэрвеня 2023 года літаратурна-музычнае свята “Цімкавіцкія вытокі” другі год запар збірае сяброў на радзіме славутага сына Капыльскай зямлі Кузьмы Чорнага. Свята ладзіцца ў філіяле “Літаратурны музей Кузьмы Чорнага” з нагоды дня нараджэння пісьменніка. Пачатак – а 16-й гадзіне.

Арганізатары свята – установа “Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры”, Капыльскі раённы выканаўчы камітэт, грамадскае аб’яднанне “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

Святочнае дзеянне будзе адбывацца адразу на некалькіх пляцоўках.

У праграме – сустрэчы з вядомымі і маладымі пісьменнікамі, прэзентацыі кніжных выданняў, экскурсіі па музеі, чаяванне “Каля самавара Кузьмы Чорнага”, музейныя квэсты і гульні, спевы і танцы ад мясцовых калектываў, майстар-класы, разыгранкі, інтэрактыўныя пляцоўкі на розны густ і ўзрост.

Спецыяльны музычны госць – Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі “Свята”.

Падчас свята будуць працаваць тэматычныя фотазоны, фудкорты і кропкі грамадскага харчавання.

Завяршэнне мерапрыемства – каля 20:30.

Запрашаем усіх прыхільнікаў творчасці Кузьмы Чорнага, а таксама аматараў літаратуры, музыкі ды падарожжаў рушыць у Цімкавічы разам з намі! Гэта добрая нагода пабываць у вёсцы з цікавай старадаўняй гісторыяй, адкрыць для сябе Літаратурны музей Кузьмы Чорнага і бліжэй пазнаёміцца з асобай выбітнага класіка. Магчымасць хораша і душэўна правесці час у асяродку вясёлых і дасціпных цімкаўлян!

Музей арганізуе транспарт на мерапрыемства па маршруце Мінск-Цімкавічы-Мінск. Адпраўленне 24 чэрвеня 2023 года ў 14:00 ад набярэжнай р.Свіслач паблізу мемарыяла “Помнік воінам-інтэрнацыяналістам” (“Востраў слёз”).

Квіткі – 30 руб. Папярэдні запіс абавязковы: тэл. +375 (17) 363-94-65, +375 (17) 363-56-21. Квіткі можна набыць анлайн па спасылцы https://24afisha.by/ru/minsk/events/performances/327492 або ў касе Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры па адрасе г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 13.

Цімкавічы – вёска ў Беларусі, на рацэ Мажы. Знаходзіцца за 11 км на паўднёвы захад ад Капыля, за 136 км ад Менска. Першы пісьмовы ўпамін пра Цімкавічы змяшчаецца ў грамаце вялікага князя Аляксандра і датуецца 1499 годам. У Цімкавічах з 1908 году гадаваўся беларускі празаік Кузьма Чорны. Цяпер тут дзейнічае Літаратурны музей Кузьмы Чорнага  – філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Close Menu