Паэты і пісьменнікі часта наведвалі розныя гарады былога СССР для адпачынку і санаторнага лячэння: Дом творчасці пісьменнікаў у Дубултах, кіславодскія санаторыі, курортныя гарады Ялта, Сочы і інш. Пятрусь Броўка некалькі разоў ездзіў у Есентукі, дзе знаходзіцца адзін з самых знакамітых цэнтраў бальнеалогіі па лячэнні захворванняў страўнікава-кішачнага тракту, печані і абмену рэчываў. У пачатку 1950-х гадоў, калі там жа адпачываў і Пятро Глебка, паэты прывезлі адтуль тры сувенірныя бутэлькі з самшыту – па адной для сябе і адну для Якуба Коласа ў падарунак. Сувенірная бутэлька Петруся Броўкі зараз захоўваецца ў фондах Літаратурнага музея Петруся Броўкі.
Бутэлька ўпрыгожана выявай арла. Скульптуру арла, які трымае ў кіпцюрах змяю, можна сустрэць у многіх месцах рэгіёну Каўказскіх Мінеральных водаў. Турыстам распавядаюць легенду, што аднойчы арол прыляцеў і сеў на скалу, а яго ўкусіла змяя, якая хавалася за каменем. Па шчаслівай выпадковасці арол зваліўся ў крыніцу мінеральнай вады, дзе вылячыўся, узняўся ў неба і потым разарваў змяю, якая яго ледзь не знішчыла. Ганарлівая птушка ўвасабляе гаючыя сілы прыроды, якія перамагаюць хваробы ў выглядзе каварнай змяі. Так, на латыні “aqua” вельмі сугучная арлу “aquila”.
Гэтую легенду ўвасобіў на малюнках жывапісец з Новачаркаска Іван Крылоў, а Людвіг Шодкій стаў стваральнікам скульптур па ўсім рэгіёне Каўказскіх Мінеральных водаў. Першая такая кампазіцыя была ўсталявана на гары Гарачай 1 мая 1901 года і вельмі не спадабалася публіцы, якая раскрытыкавала статую за яе фізічныя неадпаведнасці і выродлівасць. У Есентуках арол са змяёй з’явіўся праз два гады, але пастаянна патрабаваў рэстаўрацыі з-за вандалаў. З гэтай прычыны, у 1973 годзе знакаміты арол быў адліты з бронзы на Ленінградскім заводзе манументальнай скульптуры.
Сёння людзі, што шпацыруюць па галоўнай Варанцоўскай алеі ніжняй частцы курортнага парку Есентукоў, заўсёды робяць здымкі каля яго. Такія ж кампазіцыі ўсталяваны ў Пяцігорску, Жалезнаводску і Кіславодску. Сімвал рэгіёну ўвасабляюць на бутэльках з мінеральнай вадой, бюветніцах, буклетах і этыкетках, якія ахвотна набываюць турысты і наведвальнікі санаторыяў.