Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Віртуальная выстава да 105-годдзя з дня нараджэння Паўлюка Пранузы

…На фронце, не ведаўшы стомы,

Краіну сваю вызваляў.

Далёка ад роднага дому –

Армейскім пісьменнікам стаў…

                                                                                                                                                                   М.Хведаровіч

Паўлюк Прануза нарадзіўся 18 сакавіка 1918 года ў в. Вылева Добрушскага раёна Гомельскай вобласці, у сям’і рабочага.

Скончыў у 1941 годзе Гомельскі педагагічны інстытут. У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у зенітнай артылерыі, быў  намеснікам камандзіра гарматы. Прымаў удзел у баях на Бранскім, Цэнтральным і 1-м Беларускім франтах, у вызваленні Беларусі, Польшчы. Прайшoў усю вайну, Перамогу сустрэў у Берліне, удзельнічаў у штурме рэйхстага. За баявыя дзеянні Паўлюк Прануза ўзнагароджаны ордэнамі Славы III ступені, Айчыннай вайны II ступені і медалямі «За адвагу», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.».

Дэбютаваў у друку яшчэ ў 1936 г. у газеце «Сталінец», потым у «Гомельскай праўдзе». Падчас вайны яго вершы актыўна друкаваліся ў газетах «Слово бойца», «Савецкая Беларусь», «За свабодную Беларусь», газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну» і іншых, якія сёння захоўваюцца ў нашым музеі. Некаторыя з іх малады чырвонаармеец Прануза пранёс праз усю вайну ў нагруднай кішэні сваёй гімнасцёркі, а пасля вайны захоўваў як святыню. У творчасці Паўлюка Пранузы ваенных часоў біяграфія франтавога пакалення, маладосць якога праходзіла выпрабаванне, мужнела на дарогах вайны. Яны пазначаны  асабістай выверанасцю, эмацыянальнасцю і суадносяцца з уласным лёсам паэта. Дэмабілізаваўшыся, жыў і працаваў у Нясвіжы. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Нясвіжскім педагагічным вучылішчы імя Я. Коласа, а потым у сярэдняй школе. Ён праз усё жыццё пранёс любоў да дзяцей, вучыў іх, бараніў, не шкадуючы ўласнага жыцця, імкнуўся прывіць любоў да роднай мовы, прыгожага, разумнага, вечнага. Многія творы паэта прысвечаны Нясвіжу, яго шматвяковай гісторыі і самабытнай культуры. У 2006 г. П.Прануза быў ўдастоены  звання “Ганаровы грамадзянін г. Нясвіжа”.

У 1946 г. выйшла яго першая кніга «Разгневаная зямля». За гады творчай працы былі выдадзены зборнікі «Добрай раніцы» (1951), «У дальнім раёне» (1954), «Мае землякі» (1957), «Калі верыш» (1963), «Родныя мясціны» (1968), «Непаўторнасць» (1974), «Сустрэчы» (1983), «Мой аўтограф» (1988), «Рукі салдата» (1990), «Памяць, памяць…» (1994) і інш. Свайму сябру, земляку, паэту-франтавіку М. Сурначову, які загінуў у час вайны, прысвяціў зборнік вершаў і ўспамінаў «Акопны спеў» (1986). Яскрава праявіўся талент П.Пранузы і як дзіцячага паэта ў зборніках «Добры дожджык» (1960), «Я вясну малюю» (1962), «Дзе вясны пачатак» (1965), «Ручаёк» (1969), «Фарбы восені» (1982), «Звініць ручаёк» (1988),«Месяц-калабок» (1999). Памёр паэт у 2007 годзе. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску.

Асабісты фонд П.Пранузы ў нашых калекцыях складае амаль 300 музейных прадметаў. Значная чатка з іх – газеты і часопісы, у тым ліку і тыя, дзе друкаваўся П. Прануза ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Калекцыя “Рукапісы” налічвае 54 прадмета, асабліва каштоўныя з іх вершы 1941-1945 гг. У нашых фондах шырока прадстаўлены фатаграфіі, кнігі і кнігі з аўтографамі, друкаваныя выданні, дакументы П.Пранузы. Іх перадаваў сам паэт, асабліва шмат да падрыхтоўкі выставы ў нашым музеі “Доўгія вёрсты вайны” ў 2004 годзе. Пасля смерці П.Пранузы архіў бацькі ў музей падаравала яго дачка – Прануза Вера Паўлаўна.

Матэрыял падрыхтавала Ірына Скок,

загадчык аддзела ўліку, навуковай апрацоўкі і захоўвання фондаў

Close Menu