7 кастрычніка 1932 года нарадзіўся беларускі пісьменнік Іван Мікалаевіч Пташнікаў.
Іван Пташнікаў з’явіўся на свет ў простай сялянскай сям’і, ў в. Задроздзе Лагойскага раёна. З 1941 да 1944 гг. вёска знаходзілася пад нямецкай акупацыяй, якую перажыла сям’я Пташнікавых. Пасля вайны скончыў Крайскую сямігодку, Плешчаніцкую сярэднюю школу (1951), а затым паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У. І. Леніна па спецыяльнасці журналіст.
Першы год пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў у якасці рэдактара мастацкай літаратуры ў Дзяржаўным выдавецтве Беларускай ССР. Затым каля 4-х гадоў працаваў на пасадзе рэдактара аддзела прозы ў часопісе “Маладосць” (1958-1962), а затым на гэтай жа пасадзе ў часопісе “Полымя” (1962-1995). З 1995 рэдактар аддзела тэорыі гісторыі часопіса “Тэатральная Беларусь”. У 1959 увайшоў у шэрагі Саюза пісьменнікаў БССР і Саюза пісьменнікаў СССР. У 1978 г. стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР імя Якуба Коласа.
Дэбютаваў Іван Мікалаевіч аповесцю «Чачык», якая былa нaпicaнa ў cтyдэнцкiя гaды i aпyблiкaвaнa ў 1957-м y «Пoлымi». Далей з’явіліся аповесць «Не па дарозе» (1959), зборнік апавяданняў і аповесцяў «Зерне падае не на камень» (1959), раман «Чакай у далёкіх Грынях» (1966).
Асаблівае месца ў творах Івана Пташнікава займае тэма вайны: апавяданні «Алёшка», «Алені», «Бежанка», «Эфка», дзе пісьменнік распавядае пра падлеткаў, якія сталелі ў выпрабаваннях вайны і першых пасляваенных гадоў. Аповесць «Найдорф» прысвечана апошнім дням партызанскай вайны, і першым дням міру на гэтай тэрыторыі.
Многія творы Пташнікава перакладзены на рускую, польскую, чэшскую, украінскую і іншыя мовы.
Паводле твораў Івана Пташнікава былі знятыя фільмы «Тартак», «Родам адсюль», «Алімпіяда». У 2020 г. выйшаў фільм “Алёша”, паводле аповесці «Найдорф».
У фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры захоўваецца больш 70 музейных прадметаў, звязаных з жыццём і творчасцю пісьменніка. Сярод іх асабістыя рэчы, кнігі, рукапісы, лісты, фотаздымкі.