Фондавая скарбніца нашага музея папоўнілася прадметамі, звязанымі з жыццём і творчасцю выбітнага вучонага, члена-карэспандэнта Нацыянальнай Акадэміі навук, прафесара, паэта і перакладчыка Генадзя Васільевіча Рымскага (1936-2000 гг.). Ён нарадзіўся ў Сталінградзе, у 1946 г. сям’я пераехала ў Мінск. Пасля Г.Рымскі вучыўся ў Вышэйшым ваенна-марскім інжынерным радыётыхнічным вучылішчы ў г. Гатчына, дзе пачаў займацца навуковай працай і перакладаць творы беларускіх паэтаў на рускую мову. Далей працаваў у Інстытуце матэматыкі і вылічальнай тэхнікі Акадэміі навук Беларусі, Мінскім радыётэхнічным інстытуце.
Сярод цікавых біяграфічных звестак адзначым, што Г.Рымскі быў прызнаны “Чалавекам года 1997” у сферы навукі Беларусі, а Міжнародны біяграфічны цэнтр у Кембрыджы ўключыў яго ў лік 2000 выдатных вучоных свету XX ст. Публікавацца ў перыядычным друку вучоны пачаў з 1959 г., а з мастацкімі перакладамі – з 1994 г. Ён з’яўляецца аўтарам зборнікаў паэзіі “Я люблю”, “Я есть”, рамана ў вершах “Поэзия науки”, кнігі “Антология белорусской поэзии” і інш.
Вялікі ўклад у захаванне памяці аб Г.Рымскім і папулярызацыю яго творчай спадчыны ўнёс Мікалай Пятровіч Савік, вучоны-кібернэтык і публіцыст. Менавіта ён перадаў музею прадметы з уласнага архіва: кнігі Г.Рымскага “Я есть” (Масква, 2000 г.); “Жизнь в четвёртом измерении” (Мінск, 2014 г.,) “Белорусская лирика XIX—XX веков в переводах Геннадия Римского” (Масква, 1998 г.), “Антология белорусской поэзии” Том 1-2. Перевод Г.Римского (Масква, 2001 г.); газеты з артыкуламі М.Савіка пра Г.Рымскага, прысвячэнні паэту В.Аколавай, рэкамендацыі С.Грахоўскага, М.Кенькі, В.Аколавай аб уключэнні Г.Рымскага ў Саюз пісьменнікаў Беларусі і інш.
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры выказвае шчырыя словы ўдзячнасці Мікалаю Пятровічу Савіку за прадастаўленыя матэрыялы.