21 красавіка ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча прайшла экскурсія па выставе “40/40”.
На выставе прадстаўлены 40 самых знакавых экспанатаў па адным на кожны год працы музея. Наведвальнікі экскурсіі атрымалі эксклюзіўную магчымасць пабачыць фрагмент слуцкага пояса канца XVIII –пачатаку ХІХ ст. з фондаў музея.
Сярод гасцей быў і адзін з даўніх сяброў музея – скульптар Эдуард Барысавіч Астаф’еў. Ён распавёў сваю гісторыю натхнення творчасцю Максіма Багдановіча: пра стварэнне мемарыяльнай дошкі паэту і вандроўкі ў Ялту на пачатку 80-х гадоў.
Сапраўдны інтарэс і захапленне ў экскурсантаў выклікалі аўтографы Максіма Багдановіча, Ганны Какуевай, мастацкія работы Э. Агуновіча, У. Сулкоўскага, малюнак Уладзіміра Караткевіча.
Дзякуем усім, хто наведаў музей гэтым красавіцкім вечарам! І чакаем новых гасцей на выставе “40/40”!





