15 красавіка 2021 г. у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбыўся літаратурны вечар “Усё прадбачу… Усё прабачу…”, прымеркаваны да 75-годдзя з дня нараджэння Валянціны Коўтун.
Валянціна Міхайлаўна Коўтун (06.04.1946 – 30.04.2011) – паэтка, празаік, перакладчыца, літаратуразнаўца, грамадскі дзеяч. За 45 гадоў творчага жыцця выдала 5 зборнікаў паэзіі: “Каляровыя вёслы” (1971), “На ўзлёце дня” (вершы і паэмы, 1977), “Лісты да цябе” (вершы і паэмы, 1988), кніжкі паэзіі для дзяцей “Мы робім казку” (1983) і “Вясёлы заасад” (1986), зборнік апавяданняў “Калінавая гронка залатая” (1988), лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя А. Куляшова за паэтычны зборнік “Метраном” (1985).
У вечары “Усё прадбачу… Усё прабачу…” прынялі ўдзел сябры, калегі, сваякі Валянціны Коўтун. Паэтка Вера Буланда прачытала ўрыўкі са свайго монаспектакля “Свяча любові” – пра асэнсаванне Валянцінай Коўтун асобы паэткі і грамадскай дзяячкі пачатку ХХ ст. Цётцы (Алаізы Пашкевіч). Плёнам работы над гэтай тэмай сталі паэмы “На зломе маланкі” (1979, аднайменны зб. паэзіі – у 1981), “Суд Алаізы” (1985), раман-дылогія “Крыж міласэрнасці” (1988–1996) і сцэнар аднайменнага мастацкага фільма. Пра маладыя гады, сяброўства і ўваход у літаратуру пісьменніцкага пакалення сямідзясятнікаў распавёў празаік Генрых Далідовіч. З 1993 г. Валянціна Коўтун – старшыня Усебеларускага жаночага фонду святой Еўфрасінні Полацкай. Пра гэту старонку жыцця пісьменніцы, зварот да асобы асветніцы ХІІ ст., нябеснай заступніцы Беларусі і напісанне рамана-жыція “Пакліканыя” (2002) паведамілі дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка і адказны сакратар фонду (1996–2011), дацэнт кафедры гісторыі і тэорыі права БДЭУ Вольга Лянцэвіч. Імпрэзу ўпрыгожыла аўтарскае выкананне Раманам Арловым музыкальных нумароў з мюзікла “Чарадзей”.
Кандыдат філалагічных навук (1979), Валянціна Коўтун напісала шмат артыкулаў па пытаннях фальклору ў сучаснай беларускай паэзіі. Добра ведала песенны фальклор і любіла спяваць. Любімыя народныя песні Валянціны Міхайлаўны на вечары выканалі ўдзельнікі фальклорнага калектыву “Мінскі гармонік”.

