
Напрыканцы 1999 году ЮНЭСКА было заснавана свята – Сусветны дзень паэзіі, якое вырашана было адзначаць 21 сакавіка. З грэчаскай мовы слова “паэзія” перакладаецца як творчасць, і таму гэты дзень можна лічыць святам усіх, хто займаецца творчасцю.
З нагоды Сусветнага дня паэзіі Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае ўсіх ахвотных на адмысловую вечарыну – канцэрт Алесі Сівохінай “Забыць пра снег”. Далікатнасць, шляхетнасць, высакароднасць, кранальная пачуццёвасць – менавіта такімі словамі можна апісаць выканальніцкую манеру гэтай спявачкі. Алеся Сівохіна не аматар гучных пляцовак: невыпадкова ёй вельмі пасуе камерная атмасфера музея самага маладога класіка беларускай літаратуры, дзе чароўны голас Алесі неаднаразова гучаў на розных імпрэзах.
Сольны выступ Алесі Сівохінай у сценах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча стане сапраўдным падарункам аматарам добрай музыкі і добрай паэзіі, асабліва пасля доўгай зімы, калі ўрэшце хочацца забыць пра снег, мароз, віхуру і адчуць цеплыню, пяшчоту. У выкананні спявачкі прагучаць песні на вершы знакамітых беларускіх і сусветных паэтаў: Янкі Купалы, Уладзіміра Жылкі, Рыгора Барадуліна, Алеся Камоцкага, Міхаіла Матусоўскага, Жака Брэля, і, канешне, Максіма Багдановіча.
Чакаем вас 24 сакавіка а 19-ай гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (вул. М.Багдановіча, 7а).
Уваходны квіток: 5 рублёў.