Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля, Аркадзь Смоліч, Зоська Верас, Уладзіслаў Галубок – гэтыя імёны славутых літаратараў і навукоўцаў у цэнтры ўвагі будучых педагогаў!
10 сакавіка, як раз паміж двума святамі – Днём пісьменніка – 3 сакавіка – і Днём паэзіі – 21 сакавіка на базе музея Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка адбылося адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай выставы «І толькі на цябе надзея…». Госці цырымоніі – студэнты і выкладчыкі – змаглі пазнаёміцца з матэрыяламі паводле экспазіцыі музея, прысвечанымі мінскаму перыяду жыцця і творчасці Максіма Багдановіча, яго бліжэйшым сябрам – удзельнікам клуба інтэлігенцыі «Беларуская хатка».
Святочная імпрэза суправаджалася спевамі і танцамі народнага ансамбля беларускай музыкі і песні «Ярыца», чытаннем вершаў студэнтамі БДПУ, а таксама выступленнем народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова».
