Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры працягвае свае мерапрыемствы ў межах Міжнароднага дня роднай мовы і зноў далучыўся да Тыдня беларускай мовы і літаратуры, які праходзіць у гімназіі № 27 г. Мінска.
17 лютага лекцыі “Іван Шамякін: Трывожнае шчасце пісьменніка” для гімназістаў 9, 10 і 11 класаў правяла загадчык навукова-асветніцкага аддзела Эліна Свірыдовіч. Школьнікі з дапытлівасцю слухалі расповед аб цікавых фактах з творчай біяграфіі пісьменніка, а таксама заўзята ўдзельнічалі ў размове пра народнага пісьменніка Беларусі, летапісца сваёй эпохі, сёлетняга юбіляра Івана Пятровіча Шамякіна, 100-годдзе з дня нараджэння якога мы адзначылі 30 студзеня.


