Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, які штогод адзначаецца ва ўсім свеце 21 лютага, у Мінскай гімназіі № 27 праходзіць Тыдзень беларускай мовы і літаратуры. Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры далучыўся да гэтай падзеі: з 15 па 21 лютага 2021 года навучэнцы гімназіі змогуць пазнаёміцца з літаратурна-дакументальнай экспазіцыяй “Кузьма Чорны: Чалавек – гэта цэлы свет…”, створанай супрацоўнікамі нашага музея па матэрыялах з музейных фондаў. “Адным з бессмяротных мастакоў свету і нашай нацыянальнай гордасцю” называў Кузьму Чорнага Васіль Быкаў. Выстава распавядае пра лёс і творчы шлях класіка беларускай прозы, 120-годдзе з дня нараджэння якога наша краіна адзначыла ў мінулым годзе.

