Калі адкрываем кнігу, мы знаёмімся не толькі з тэкстам, але і з мастацкім афармленнем выдання. Ілюстраваная кніга – сапраўдны твор мастацтва кніжнай графікі. Не заўжды пераасэнсаванне літаратурнага вобраза мастаком супадае з уяўленнем чытача, але часам можа стаць для апошняга вызначальным на ўсё жыццё ў стаўленні да кнігі ў прыватнасці і да чытання ўвогуле.
На выставе “Пісьменнік. Мастак. Чытач. Дыялог праз кнігу” прадстаўлены ілюстрацыі і кнігі з ілюстрацыямі з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Экспазіцыя схематычна падзелена на тры блокі ілюстрацый: да празаічных твораў, да паэтычных зборнікаў і да дзіцячай кнігі, якія адрозніваюцца як канцэпцыяй, так і стылістыкай мастацкага ўвасаблення. Дыялог паміж мастаком і пісьменнікам, ілюстратарам і чытачом, мэтрамі кніжнай графікі мінулага стагоддзя і іх сучаснымі творчымі нашчадкамі можна прасачыць праз работы Анатоля Тычыны, Арлена Кашкурэвіча, Мікалая Гуціева, Нінэль Шчаснай, Святланы Міхалап і іншых. Прадстаўлены ілюстраваныя выданні твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Івана Шамякіна, Янкі Брыля, Максіма Танка, Івана Мележа, Анатоля Вярцінскага, Надзеі Ясмінскай і іншых.