Літаратурны музей Петруся Броўкі запрашае на тэатралізавана-інтэрактыўную дзею “Актуальная класіка: Янка Купала”. Мерапрыемства распачынае новы цыкл літаратурна-інтэрактыўных імпрэз, дзе будуць гучаць класічныя творы нашых вялікіх песняроў, якія і па сённяшні дзень не страцілі сваёй актуальнасці.
Янка Купала – гэта не проста вялікі паэт, гэта – знак, сімвал Беларусі. Ён выдатна выявіў і паказаў характар беларуса ў геніяльнай п’есе “Тутэйшыя”, у паэмах “Курган” і “Бандароўна”. Вершы і паэмы Янкі Купалы, яго артыкулы натхнялі не адно пакаленне. З аднолькавай цікавасцю творы Янкі Купалы чыталі і чытаюць, як дарослыя, так і дзеці.
Сёння, калі пачынаецца новы вучэбны сезон, хочацца па-новаму адкрыць для сябе Купалава слова, запрашаем усіх жадаючых пачытаць класікаў разам.
Аўтар і вядучы – Васіль Дранько-Майсюк.
Уваход вольны!
