Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Віртуальная выстава да 110-годдзя з дня нараджэння Ларысы Геніюш

Дамоў – гэта сэрцам да сэрца.

Дабрыдзень, мая маладосць!

Душой акрыяць, адагрэцца

і словам сагрэць кагось…

 

9 жніўня (27 ліпеня) споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння беларускай паэткі і грамадскай дзеячкі Ларысы Геніюш (1).

Ларыса Антонаўна Геніюш, у дзявоцтве Міклашэвіч, нарадзілася ў 1910 г. у фальварку Жлобаўцы Гродзенскага павету (цяпер Ваўкавыскі раён, паміж вёскамі Палаўкі і Длугаполь 53.359395, 24.313771) у шматдзетнай і заможнай сям’і. Атрымала пачатковую адукацыю ў польскай школе, у 1928 г. скончыла Ваўкавыскую польскую жаночую гімназію. Падчас вучобы ў гімназіі пачынала пісаць першыя вершы.

У 1935 г. пабралася шлюбам са студэнтам-медыкам Янкам Геніюшам (2). Іван Пятровіч у той час давучваўся ў Карлавым універсітэце ў Празе на лекара, а Ларыса Антонаўна пераехала ў Зэльву. У тым жа 1935 г. у Зэльве нарадзіўся іх сын Юрка.

Па ўспамінах Міхася Геніюша (унука Ларысы Антонаўны), сапраўднай беларускасці, патрыятызму навучыў Л.Геніюш Іван Пятровіч. Менавіта ў Зэльве яна пазнаёмілася з паэзіяй Максіма Танка (3) і зборнікам Янкі Купалы «Шляхам жыцця» (4).

У 1937 г. Ларыса Геніюш разам з сынам пераязджаюць да Івана Пятровіча ў Прагу. Там іх суседкай была Аксана Косач-Шыманоўская, сястра Лесі Украінкі, паэзію якой Ларыса Антонаўна вельмі любіла. Ларыса Геніюш наладзіла сувязі з беларускай эміграцыяй, апекавала беларускіх эмігрантаў. Менавіта ў Празе адбыўся моцны творчы крок паэткі.

У 1939 г. пачала друкавацца ў берлінскай газеце беларускай эміграцыі “Раніца” пад псеўданімам “Чайка”. Па ўспамінах Ларысы Геніюш першым надрукаваным творам быў верш “Беларусачка”.

У 1942 г. выходзіць яе першы паэтычны зборнік “Ад родных ніў” (5). З вялiкaй зaмiлaвaнacцю пaэткa мaлюe кpaявiды Пpынямoння. Нёмaн зpaбiўcя вызнaчaльным пeйзaжным вoбpaзaм y творчасці Лapыcы Гeнiюш. Ён acaцыіруeццa з вoбpaзам Рaдзiмы, poднaгa кpaю:

“Мой родны кут,
мой ціхі дом,
дзе ў гольле дрэў
аб сьцены ніў,
пад сумны сьпеў
буйным крылом
паўночны вецер
звонка біў…

                            1940 г.”

У 1948 г. Ларысу Геніюш разам з мужам арыштавалі і ў 1949 г. прыгаварылі да 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У 1956 г. тэрмін пакарання быў зменшаны і Ларыса з Янкам вярнуліся ў Зэльву, дзе яна працягнула творчую працу.

У 1967 г. пры садзеянні Максіма Танка (6) выйшаў з друку першы ў Беларусі паэтычны зборнік Ларысы Геніюш “Невадам з Нёмана” (7). У фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры захоўваецца гэтая кніга з дарчым надпісам М.Танку ад аўтаркі: Палахлівай касуляй гнанай зверам, стралою ад пагоні сасмаглай, прыпадаю да вадапою Сэрца твайго, забываючы страх… Вельмі шчыра  Паважанаму Максіму” (8).

Доўгі час Ларыса Геніюш друкавалася як дзіцячая пісьменніца. Лёс разлучыў паэтку з унукамі: Міхась і Алесь жылі ў Беластоку. Усё, што магла, яна старалася перадаць ім у лістах і вершах. З цягам часу гэтыя вершы ўвайшлі ў дзіцячыя паэтычныя  зборнікі. У 1972 г. выйшла кніга “Казкі для Міхаські” ў выдавецтвае “Беларусь”, у 1976 г. – “Добрай раніцы, Алесь” у выдавецтве “Мастацкая. Літаратура”. У 2019 г. у фонды Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры адзін з унукаў Ларысы Геніюш Міхась перадаў кнігу з вершамі і лістамі паэткі да сваіх унукаў. У кнігу ўвайшлі маляваныя лісты, вершы без цэнзуры і 52 вершы, якія былі надрукаваны ўпершыню (9, 10, 11, 12, 13, 14, 15).

У 1982 г. выйшаў апошні прыжыццёвы паэтычны зборнік паэткі “На чабары настоена” (16).

Не стала Ларысы Геніюш у 1983 годзе.

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры захоўвае багаты і цікавы архіў паэткі, які налічвае каля 200 музейных прадметаў, звязаных з яе жыццём і творчасцю. Большую частку архіва складаюць ліставанні з сябрам Адамам Мальдзісам (17, 18, 19, 20) і пляменніцай Раісай Эванс, якая жыла ў Канадзе (21, 22).

Акрамя гэтага, ёсць часопісы і газеты з вершамі Ларысы Геніюш, якія выдаваліся ў замежжы:

  • альманах “Ля чужых берагоў” 1955 г., які выдаваўся ў Мюнхене, з вершамі Ларысы Антонаўны (23, 24);
  • газеты “Беларускія навіны” №1, выдадзеныя ў Парыжы ў 1945 г. з вершам Ларысы Геніюш на першай старонке (25);
  • часопіс беларускіх студэнтаў у Польшчы “Сустрэчы” № 3-4 (10-11) 1988 г. (26).

У калекцыі “Фотадакументы” захоўваюцца фатаграфіі Ларысы Антонаўны (27, 28, 29, 30), якія былі перададзены ў музей сябрам Ларысы Геніюш – Міколай Канашам (31), а таксама фатаграфіі з беларускімі пісьменнікамі: Максімам Танкам (32), Валянцінай Коўтун, Данутай Бічэль-Загнетавай, Нінай Мацяш, Уладзімірам Караткевічам (33).

Сярод асабістых рэчаў – скураны партфель (34) і радыёла “Рекорд” (35).

 

Матэрыял падрыхтаваў вядучы навуковы супрацоўнік аддзела фондаў Кацярына САЎЧАНКА.

Close Menu