Працягваем знаёмства з беларускімі паэтамі і пісьменнікамі – удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама фондавымі матэрыяламі перыяду 1941 – 1945 гг.
Прануза Паўлюк (Павел Кузьміч, 1918 – 2007 гг.) – беларускі паэт, перакладчык, дзіцячы пісьменнік. Член Саюза пісьменнікаў з 1947 г.

У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у зенітнай артылерыі, быў намеснікам камандзіра гарматы. Прымаў удзел у баях на Бранскім, Цэнтральным і 1-м Беларускім франтах, у вызваленні Беларусі, Польшчы. Прайшoў усю вайну, перамогу сустрэў у Берліне, удзельнічаў у штурме рэйхстага. За баявыя дзеянні Паўлюк Прануза ўзнагароджаны ордэнамі Славы III ступені, Айчыннай вайны II ступені і медалямі «За адвагу», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.».
Падчас вайны яго вершы актыўна друкаваліся ў газетах «Слово бойца», «Савецкая Беларусь» (Масква), «За свабодную Беларусь» (Калінінскі фронт), у газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну» і іншых, якія сёння захоўваюцца ў нашым музеі. Найбольш каштоўныя з іх – 18 нумароў газеты -плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». У адным з нумароў – №142 за красавік 1945 г. можна знайсці фельетон П.Пранузы «На варожай зямлі».

«Раздавім фашысцкую гадзіну» – гэта сатырычнае выданне для партызан і насельніцтва Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Выдавалася з ліпеня 1941 г. да мая 1945 г. З сакавіка 1942 г. газета-плакат, пазней — сатырычны часопіс ЦК КП(б)Б. Спачатку выдаваўся ў Гомелі, потым у прыфрантавой паласе, у Маскве, у Навабеліцы, Мінску. Выданне змяшчала фельетоны, памфлеты, літаратурныя творы, карыкатуры, якія высмейвалі акупантаў і іх памагатых, заклікалі да барацьбы з ворагам. Сатырычны лісток друкаваўся на 2 – 4 старонках, з аднакаляровымі, але часам і трохкаляровымі ілюстрацыямі. Усяго ў свет выйшла 142 нумары. Рэдакцыю ўзначальваў спачатку Міхась Чавускі, а з 1943 года – Кандрат Крапіва. У выданні друкаваліся творы Я.Коласа, Я. Купалы, А. Астрэйкі, П. Броўкі, Я. Брыля, К. Крапівы, К. Чорнага і іншых пісьменнікаў і мастакоў.



Матэрыялы падрыхтаваны Скок І.М., вядучым навуковым супрацоўнікам аддзела фондаў.