Ці ведаеце вы, колькі цікавостак захоўваеца ў музеі? Безліч. І кожны прадмет асаблівы, кожны, нават самы маленькі і на першы погляд просты, мае даволі змястоўную гісторыю.
Адзін з іх – лыжка. Яе ўнікальнасць – у прыналежнасці да сям’і беларускага грамадскага дзеяча, паэта, празаіка, публіцыста і перакладчыка, аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча.
Захаваць яе да сённяшніх дзён удалося дзякуючы адной з жыхарак вёскі Кушляны – Марыі Дудэк, маці якой служыла ў дачкі Францішка Багушэвіча – Канстанцыі. Жанчына дапамагала даглядаць хворага сына гаспадыні Франака. За што ў знак шчырай павагі ўдзячная маці падарыла служанцы сталовы набор. Адна з лыжак гэтага набора, якая захавалася і трапіла ў музейныя фонды у 1993 годзе, будзе дэманстравацца 19 сакавіка 2020 года ў дзень адкрыцця літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “Бласлаўлёныя Кушляны Францішка Багушэвіча” ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.
Запрашаем усіх зацікаўленых! Спяшайцеся! Экспанаванне ўнікальнага прадмета ўсяго адзін дзень!
