24 лютага 2020 г. у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры прайшла імпрэза “Святам свянцонае маміна слова” да 85-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.
Падчас мерапрыемства літаратурна-мастацкую кампазіцыю па творах Барадуліна прадставіў калектыў навучэнцаў Мінскага аўтамеханічнага каледжа пад кіраўніцтвам Івана Герасімовіча.
Скульптар Ігар Засімовіч перадаў Дзяржаўнаму музею гісторыі беларускай літаратуры барэльеф – копію фрагмента мемарыяльнай дошкі Р.Барадуліну, усталяванай у Мінску.
Пісьменнік, паэт і перакладчык Ганад Чарказян пазнаёміў прысутных з відэасведчаннямі асабістага архіву 90-х гадоў мінулага стагоддзя, дзе прамаўляе, чытае вершы і спявае Рыгор Барадулін. Ён жа перадаў у дар музею ўласнаручна адрамантаваны гадзіннік, што некалі належаў народнаму паэту.
Мастак, пісьменнік і паэт Рыгор Сітніца выступіў з успамінамі пра Барадуліна, прачытаў уласны верш, прысвечаны Рыгору Іванавічу.
Пісьменнік, журналіст, бард Зміцер Бартосік праспяваў некалькі песень, тэксты якіх былі перакладзены Барадуліным на беларускую мову з рускай.
Падчас імпрэзы прысутным быў прэзентаваны Ордэн Трох Зорак, якім узнагародзіла Рыгора Барадуліна Латвія, які знаходзіцца на захаванні ў фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.





