“Родныя гукі…
З гукаў — родныя словы…
Са словаў — песні,
Казкі, паэмы, драмы,
Жыццё,
Радзіма,
Народ.”
Ніл Гілевіч
21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Да гэтай падзеі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры падрыхтаваў асветніцкі праект “Народныя пісьменнікі і паэты Беларусі”, які дазваляе кожнаму чалавеку, які праходзіць ці праязджае уздоўж Траецкага прадмесця па вул. М.Багдановіча, убачыць партрэты знакамітых літаратараў, якія атрымлівалі свае ганаровыя званні пачынаючы з 1925 года.
Народны пісьменнік (паэт) Беларусі – ганаровае званне, што надавалася пісьменнікам, якія стварылі выдатныя творы мастацкай літаратуры і мелі вялікія дасягненні ў развіцці беларускай літаратуры. У фондах музея захоўваецца значная колькасць прадметаў, звязаных з жыццём і творчасцю народных пісьменнікаў і паэтаў Беларусі, частка з іх прадстаўлена ў пастаяннай экспазіцыі. Пра магутнасць твораў 17-ці пісьменнікаў нагадвае нашым наведвальнікам акцыя “Чытаем народных”, якая распачалася ў Міжнародны дзень дарэння кніг і будзе дзейнічаць на працягу Сусветнага дня пісьменніка і Сусветнага дня чытання ўголас. Падчас яе наведвальнікі і супрацоўнікі музея чытаюць любімыя ўрыўкі з літаратурных твораў.
Прыязджайце, прыходзьце і чытайце разам з намі беларускую літаратуру!
