У розных краінах планеты 14 лютага адзначаюць Дзень закаханых. І каму, як не супрацоўнікам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, далучацца да святкавання, бо “зорка Венера ўзышла над зямлёю…”.
А пачаць мы вырашылі напярэдадні імпрэзай “Уладар кахання – Купідон”. Падчас тэматычнай экскурсіі пазнаёмілі наведвальнікаў з інтымнай лірыкай Максіма Багдановіча, распавялі пра тых прыгажунь, што натхнялі Паэта на стварэнне лірычных шэдэўраў.
Рамантычную ноту працягнулі музыкі з інды-фолк гурта “Няміга”. Іх творчы дэвіз – “Музыка павінна несці любоў”. Старыя і новыя музычныя кампазіцыі ў акустычным гучанні сталі сапраўдным падарункам для ўсіх гасцей.

