5 лютага а 17-й гадзіне ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі адбудзецца адкрыццё выставы “З місіяй – у падарожжа”, прысвечанай 115-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Петруся Усцінавіча Броўкі.
Петруся Броўку добра ведаюць як беларускага паэта і пісьменніка. На новай выставе кожны зможа ўбачыць П.Броўку як удзельніка міжкультурнай камунікацыі паміж беларусамі і іншымі народамі блізкага і далёкага замежжа. Украіна, Літва, Латвія, Расія, Венгрыя, Балгарыя, Польшча, ЗША, Нарвегія, Швецыя — далёка не поўны спіс краінаў, дзе пабываў Пятрусь Броўка. Паездка – вопыт для кожнага з нас, а для паэта – гэта магчымасць натхніцца, напісаць верш, распавесці суайчыннікам пра іншы, далёкі і часам незнаёмы свет. Перадача культурнай спадчыны і мірных ідэй паміж народамі і краінамі была адказнай місіяй, якую актыўна ажыццяўляў беларускі паэт.
У сваіх шматлікіх падарожжах Пятрусь Броўка выступаў як прадстаўнік беларускага прыгожага пісьменства, як дэпутат, грамадскі дзеяч і проста чалавек, які імкнецца да міру як самага запаветнага жадання ўсяго чалавецтва. У выніку паездак пашыралася кола сяброў, з’яўляліся новыя мастацкія творы і публіцыстычныя артыкулы. На выставе вы зможаце ўбачыць матэрыяльныя сведкі гэтых падзей: сувеніры, фотаздымкі, асабістыя рэчы вандроўніка, а таксама зможаце зірнуць на розныя краіны вачыма Петруся Броўкі.
Выстава працуе да 8 мая 2020 года.
Уваход на адкрыццё вольны!
Месца правядзення: Літаратурны музей Петруся Броўкі (г. Мінск, вул. К.Маркса, 30).
Кантактныя тэлефоны: (017) 327-27-50, (017) 226-09-81.
