Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

З кагорты маладнякоўцаў: новы віртуальны раздзел да 115-годдзя паэта У. Хадыкі

Матэрыял:

https://www.nlb.by/by/news/nacyjanalnaja-biblijatjeka/z-kagorty-maladnyako-tsa-novy-virtualny-razdzel-da-115-goddzya-paeta-u-khadyki/?fbclid=IwAR1Sp61rbT0xdpAaNQFfmn3SRZDINtDQF6aKDehrQ4INBASUjtcEKlBDdJI

 

На хвалі часу, у плыні жыцця

Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»

 

Прапануем вашай увазе новы раздзел віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, прысвечаны яшчэ аднаму сябру літаб’яднання “Маладняк”.

3 студзеня адзначалася 115-годдзе з дня нараджэння паэта і перакладчыка Уладзіміра Марцінавіча Хадыкі (1905–1940). Разам з партнёрамі праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала новы раздзел да юбілею пісьменніка.

Паэт раскрыўся як пранікнёны лірык, здольны перадаць тонкія зрухі людскіх думак і пачуццяў. Пры ўсёй адметнасці паэзія У. Хадыкі ўвабрала многія супярэчлівыя рысы “Маладняка”, але ён адзін з першых у беларускай паэзіі пачаў вызваляцца ў другой палове 1920-х гг. ад “бурапеннасці”.

Пры жыцці аўтара выйшлі толькі тры зборнікі паэзіі – “Суніцы” (1926), “Выбраныя вершы” (1932), “Радасны будзень” (1935), – з поўнымі тэкстамі якіх можна азнаёміцца ў межах віртуальнага праекта. У самае апошняе, найбольш поўнае выданне твораў паэта “На ўзвеях дзён” (1986), укладзенае А.Л. Вераб’ём, увайшлі творы У. Хадыкі са зборнікаў і перыядычных выданняў 1926–1936 гг. Пісьменнік працаваў і як перакладчык, пераклаў творы М. Горкага, М. Шолахава, А. Чэхава і іншых аўтараў, пераклады таксама прадстаўлены ў праекце.

Асобная падборка дакументаў новага віртуальнага раздзела прысвечана літаратуразнаўчым даследаванням, творчасць аўтара грунтоўна разглядалася ў кнігах Р. Бярозкіна, М. Стральцова, М. Мішчанчука. Цікавасць выклікаюць успаміны пра таленавітага паэта яго сяброў па пяру – А. Зарыцкага, М. Хведаровіча, М. Сяднёва, С. Шушкевіча. Некаторыя з артыкулаў сучасных аўтараў алічбаваны і даступны чытачу.

У 1937 г. паэт быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі, апынуўся ў каменаломнях Навасібірскай вобласці, дзе і загінуў. Паводле ўспамінаў літаратараў – сяброў па высылцы С. Шушкевіча і М. Сяднёва, У. Хадыка працягваў пісаць і ў зняволенні, занатоўваў вершы на паперы для курэння, а потым скручваў яе і зашываў у каўнер кажуха.

Падраздзел “Фотагалерэя” змяшчае фотаздымкі і выявы дакументаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Упершыню былі размешчаны некаторыя дакументы, якія да гэтага часу не публікаваліся.

З віртуальным раздзелам можна азнаёміцца на рускай і беларускай мовах. Яго прэзентацыя ў бібліятэцы адбылася 16 студзеня падчас Дня літаб’яднання “Маладняк”.

Матэрыял прадастаўлены інфармацыйна-аналітычным аддзелам.

 

Close Menu