24 студзеня ў філіялы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры «Беларуская хатка» святкавалі «Таццянін дзень» — свята ў гонар хрысціянскай пакутніцы, заступніцы студэнтаў.

Цікава, што свята прыпадае і на Дзень беларускай навукі, якое адзначаюць у гэтую нядзелю. Падчас музычна-паэтычнай вечарыны, якая з’яўляецца адным з творчых праектаў Паэтычнага тэатра «Арт. С», выступілі з цікавымі жыццёвымі гісторыямі і з дэкламацыямі вершаў беларускія паэты, празаікі і навукоўцы.

Імя Таццяна мае рымскае паходжанне, а св. Таціяну Рымскую (у гонар якой і адзначаецца свята) аднолькава шануюць як у праваслаўнай, гэтак і ў каталіцкай цэрквах. Гэта імя з’яўляецца шырока распаўсюджаным на Беларусі. Бабулю Максіма Багдановіча звалі Таццяна Мякота, сярод Таццян шмат вядомых дзеячаў культуры і вучоных — Т. Алешка, Т. Аляшкевіч, Т. Аўтуховіч, Т. Барысюк, Т. Вабішчэвіч, Т. Дасаева, Т. Кабржыцкая, Т. Мацюхіна, Т. Сівец, Т. Шамякіна, Т. Фіцнер і інш.
Багата забаўных жыццёвых гісторый, звязаных з Таццянамі, гучала і на вечарыне. А таксама вершаў, прысвечаных Таццянам і не толькі, знітаванай тэматыкай кахання і высокіх пачуццяў. Дадаткова паэт Мікола Кандратаў прачытаў верш, прысвечаны Максіму Багдановічу, у філіялы музею каторага імпрэза і праходзіла.

Вядоўцай вечарыны, якая прайшла ўжо ў адзінаццаты раз, выступіла паэтка і літаратуразнаўца, перакладчыца і празаік Таццяна Барысюк.

