15 студзеня 2020 года Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры правёў мерапрыемства “Сведка эпохі”, прымеркаванае да 100-годдзя з дня нараджэння пісьменніка Міколы Аўрамчыка.
Імпрэза праходзіла ў рамках музейнага праекта “Дыяменты прыгожага пісьменства”.
Мікола Якаўлевіч Аўрамчык (1920–2017) прайшоў вайну, палон, савецкія фільтрацыйныя лагеры і прымусовую працу на шахтах Рура і Данбаса. Ды не азлобіўся, не зламаўся, вярнуўся да дзяўчыны, якая чакала яго больш за восем гадоў. Разам яны стварылі цудоўную сям’ю, выхавалі трох дачок – Святлану, Ірыну, Наталлю. Дочкі пісьменніка, іх нашчадкі і іншыя сваякі пісьменніка сталі галоўнымі рухавікамі імпрэзы “Сведка эпохі”.
Як адзначыла малодшая дачка творцы Наталля, амаль усю лірыку, якую за доўгія дзесяцігоддзі напісаў і выдаў Мікола Аўрамчык, ён прысвяціў сваёй жонцы.
На імпрэзе сваякі пісьменніка ўрачыста перадалі Дзяржаўнаму музею гісторыі беларускай літаратуры асабістыя рэчы Міколы Аўрамчыка і шэраг кніг з яго дарчымі подпісамі.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” Святлана Воцінава, якая прадставіла прысутным відэапрэзентацыю з эксклюзіўных дакументаў, датычных працы М. Аўрамчыка ў гэтым часопісе; сябры і калегі творцы – пісьменнікі Анатоль Вярцінскі, Генрых Далідовіч, Васіль Зуёнак, Казімір Камейша, заснавальнік фальклорнага гурта “Ліцвіны” Уладзімір Бербераў.




