9 студзеня 2020 года ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбылося адкрыццё мастацкай выставы “Дзіцячыя краскі ў вянок паэту” навучэнцаў арт-цэнтра “Вулей” Дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі ім. Хаіма Суціна г.п. Смілавічы”.
Ідэя стварыць серыю мастацкіх работ па вершах Максіма Багдановіча ўзнікла падчас наведвання навучэнцамі арт-цэнтра экскурсіі па асноўнай экспазіцыі музея, і за некалькі месяцаў плёнам іх працы сталі 35 мастацкіх работ, 14 работ у тэхніцы бацік. Нетрывіяльнасць і свежы погляд дзяцей ХХІ стагоддзя на класічную паэзію сталі вызначальнымі рысамі дадзенага праекта.
Падрыхтоўцы выставы садзейнічала адміністрацыя Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі ім. Хаіма Суціна г.п. Смілавічы: дырэктар Ала Леанідаўна Лаўрыновіч, намеснік дырэктара цэнтра па адукацыйна-выхаваўчай рабоце Хасеневіч Святлана Якаўлеўна. І, безумоўна, вялікую ролю ў творчым выяўленні навучэнцаў адыгралі настаўнікі арт-цэнтра: Дурко Вадзім Ігаравіч, Жогаль Надзея Віктараўна, Ярэміч Вікторыя Уладзіміраўна, Трыгубяк Таццяна Сяргееўна.
Сярод шаноўных гасцей свята былі Аляксандр Аляксандравіч Зіменка – дырэктар Цэнтра выяўленчага і медыя мастацтва “Новая культурная ініцыятыва”, куратар карпаратыўнай калекцыі “Белгазпромбанка” і куратар арт-цэнтра “Вулей”; Надзея Міхайлаўна Усава – вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай работы Нацыянальнага мастацкага музея; Галіна Леанідаўна Левіна – архітэктар, сябра арт-цэнтра “Вулей”.


