“…Засушыў я на паперы
Краскі, сьвежые калісьці,
Думак шчырых і чуцьця.”
М.Багдановіч
Вершы геніяльнага беларускага паэта Максіма Багдановіча займаюць пачэснае месца ў скарбніцы сусветнай літаратуры. Талент Максіма Багдановіча заключаецца ў тым, што ён паднімае кола тэм, якія з’яўляюцца вечнымі. Яго вершаваныя радкі былі зразумелыя жыхарам пачатку ХХ стагоддзя, яны турбуюць сучаснага чытача, прычым незалежна ад узросту, адукацыі, прафесіі і месца жыхарства.
Як вынік, паэзія Максіма Багдановіча застаецца запатрабаванай у ХХІ стагоддзі, вабіць і прыцягвае новых чытачоў, знаходзіць водгук у сэрцах, выклікае жаданне тварыць. Сведчаннем таму з’яўляюцца мастацкія работы, музычныя кампазіцыі, драматычныя пастаноўкі, вершы-прысвячэнні творцаў з розных краін, прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей.
Пры дзяржаўнай установе дадатковай адукацыі “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі імя Хаіма Суціна г.п.Смілавічы” створаны Арт-цэнтр “Вулей” па ініцыятыве праўлення Белгазпрамбанка. Мэтай Арт-цэнтра з’яўляецца развіццё здольнасцей дзяцей, пашырэнне іх мастацкага кругагляду, выхаванне ўмення бачыць твор, ацаніць яго, атрымліваць асалоду ад мастацтва ў самых розных яго формах. Навучэнцы гэтага цэнтра па навучальнай праграме, распрацаванай Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі, наведваюць беларускія музеі. Падчас экскурсіі ў Літаратурны музей Максіма Багдановіча ўзнікла ідэя стварыць новы мастацкі праект: ілюстраваць творы беларускіх пісьменнікаў, і распачаць яго менавіта з вершаў Максіма Багдановіча.
На выставе прадстаўлены ілюстрацыі вучняў Арт-цэнтра “Вулей” да адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў Максіма Багдановіча “Вянок”.
Адкрыццё выставы адбудзецца 9 студзеня 2020 года ў 17.00
Літаратурны музей Максіма Багдановіча
г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а
тэл.: (017) 334 07 61, (017) 334 42 69
