23 снежня 2019 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры прайшло сумеснае з Беларускім фондам культуры мерапрыемства “Самы шчаслівы чалавек”, прымеркаванае да 85-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава.
Як адзначыла малодшая дачка класіка Алена Чыгрынава, сустрэча атрымалася цёплай, дзесьці, нават, утульнай. Сваімі ўспамінамі пра Івана Чыгрынава, думкамі пра яго творчасць дзяліліся экс-галава Беларускага фонда культуры, рэдактар краязнаўчай газеты Уладзімір Гілеп, літаратары Анатоль Вярцінскі, Кастусь Цвірка, Леанід Дранько-Майсюк, народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, навукоўца Радзім Гарэцкі, літаратуразнаўца Алесь Лапата-Загорскі, а таксама дырэктар Пухавіцкага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч.
Упрыгожыў імпрэзу сваім выступам фальклорны ансамбль “Дударыкі”, які сустракаў усіх гасцей урачыстай музыкай.Завяршыў мерапрыемства відэафільм-прывітанне з радзімы Івана Чыгрынава. Прысутныя мелі магчымасць пазнаёміцца з часовай экспазіцыяй па жыцці і творчасці пісьменніка.



