27 снежня 2019 г. а 18-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на апошняе ў гэтым годзе мерапрыемства ў межах праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і Выдавецкага дома “Звязда”, якое прысвечана 115-годдзю з дня нараджэння паэта, крытыка, перакладчыка, аднаго з заснавальнікаў Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк” Алеся Дудара.
Алесь Дудар (сапр. Аляксандр Аляксандравіч Дайлідовіч) нарадзіўся 24 снежня 1904 года. Адзін з самых маладых паэтаў “паслякастрычніцкага прызыву” (Г. Севярынец) шаснаццацігадовым хлопцам ён прыйшоў у літаратуру адкрытым і шчырым – у жыцці, у паэзіі, у прозе, у літаратурнай крытыцы. Такім маладым, адкрытым і шчырым ён загінуў у “чорную ноч” беларускай культуры 29 кастрычніка 1937 года. Такім ён паўстае для нас сёння, дзякуючы даследчыкам, якія вяртаюць у чытацкую прастору літаратараў міжваеннага часу.
“…У часы, калі ўсе навокал так лёгка падзяляюцца на герояў і здраднікаў, “сваіх” і “чужых”, сяброў і ворагаў, нам як паветра патрэбныя не-героі, сапраўдныя, а значыць, складаныя і супярэчлівыя, людзі, якія ўзялі на сябе смеласць выказацца “як ёсць”, без прынятых на сябе роляў. Такім паэтам быў Алесь Дудар”, – лічыць даследчыца жыцця і творчасці паэта Ганна Севярынец, якая вярнула ў беларускую літаратуру не толькі імя Дудара, але і значную частку яго літаратурнай спадчыны, у тым ліку першы пераклад на беларускую мову “Яўгенія Анегіна” А. Пушкіна.
27 снежня а 18-й гадзіне Ганна Севярынец прачытае адкрытую лекцыю “Супярэчлівы час як паэтычная трагедыя. Каліноўскі, Сталін, БССР і Беларусь у вершах Алеся Дудара”, якую вызначыла па жанры як “неюбілейная лекцыя”.
Уваход вольны.
Калі: 27 снежня 2019 г. 18.00
Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
вул. М. Багдановіча,13
(часовая літаратурна-дакументальная экспазіцыя
“Залатая раніца беларускага Адраджэння”)
