З 16 снежня 2019 года па 14 студзеня 2020 года Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае наведаць літаратурна-мастацкую экспазіцыю “Шчодрыя зімы дарункі”.
Пачатак зімы заўсёды азнаменаваны ўрачыстасцю — чаканне першага снегу, упрыгожванне ялінкі, падарункі ад Дзеда Мароза, чаканне цуду і г.д. Нават калі прырода не спяшаецца парадаваць нас снежна-марознай урачыстасцю, то ў беларускім слоўным мастацтве ёсць многа паэтычных апісанняў зімовага пейзажу, зімовых святаў і гульняў.
У абшары навакольным Над папарам, лугам, полем Снег тчэ мяккі змрок. Кожную сняжынку тую Кружыць, туліць і цалуе Весялун-вятрок. |
Дрэвы ў футры і карункі — Шчодрыя зімы дарункі Ахінаюць стан. Галавой кіўнуў гулліва Вяз таполі сарамлівай, Маладзейшым стаў. Рыгор Барадулін |
Дакументальная частка экспазіцыі “Шчодрыя зімы дарункі” прадстаўляе арыгінальныя матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, звязаныя з беларускай традыцыяй святкавання Калядаў і Новага году. Гэта паштоўкі з архіва Васіля Быкава, Ніла Гілевіча, Ларысы Геніюш, Сяргея Новіка-Пеюна, ялінка (другая палова ХХ ст.), што належала Юрку Гаўруку, паштоўка і фотаздымкі эмігрантаў-беларусаў каля ялінкі, рукапісы вершаў Янкі Пачопкі, Дануты Бічэль, Рыгора Барадуліна, рукапіс верша з каляднага абразка ў 1-й дзеі “Ёлка Дзеда Мароза” (1927) Сяргея Новіка-Пеюна, сучасныя кніжныя выданні — анаталогія “Беларуская зіма” і інш.
Акрамя гэтага на экспазіцыі дэманструюцца калядныя і зімовыя выцінанкі сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Валянціны Слюнчанка. Падчас працы экспазіцыі будуць дзейнічаць майстар-класы па вырабе паштовак у тэхніцы выцінанка, а таксама святочная інтэрактыўная праграма “Прыехала Каляда на белым вазочку”.
Колькасць месцаў абмежаваная — папярэдні запіс абавязковы!
Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
(вул. М. Багдановіча, 13)
Кантактны тэлефон: (017) 334-56-21
