Персанальная выстава Хрысціны Высоцкай “Лекі ад меланхоліі” адкрылася ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча 4 снежня 2019 года. Прэзентаваны мастацкія творы, выкананыя ў тэхніках бацік і арт-прынт, а таксама тэкстыльныя скульптуры.
Хрысціна Высоцкая нарадзілася ў 1992 годзе. Скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Лаўрэат спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Дыпламант Міжнароднага конкурса маладых мадэльераў-дызайнераў “Пячорскія каштаны” (Украіна). Удзельнік шматлікіх рэспубліканскіх плэнераў тэкстыльнай скульптуры і групавых выстаў тэкстыльнага мастацтва. Аўтар некалькіх персанальных выстаў, якія прэзентаваліся ў Беларусі і Італіі.
У адкрыцці выставы “Лекі ад меланхоліі” прынялі ўдзел шматлікія прыхільнікі творчасці Хрысціны Высоцкай, выкладчыкі з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, сённяшнія калегі па працы, а таксама студэнты акадэміі.
З прывітальным словам да гасцей звярнуўся загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі. Ён падкрэсліў, што Хрысціна Высоцкая і Максім Багдановіч блізкія па духу творцы. Іх аб’ядноўвае шырыня творчай думкі, умелае спалучэнне традыцый і наватарства, шчырасць выказвання пачуццяў і эмоцый e творах.
Вядомая мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн бліжэй пазнаёміла ўдзельнікаў імпрэзы з творчай біяграфіяй Хрысціны Высоцкай. Падкрэсліла, што важную ролю ў фарміраванні творчай манеры Хрысціны адыгралі выкладчыкі акадэміі мастацтваў, у першую чаргу, прызнаны майстра ў галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, настаўнік з вялікай літары Павел Бондар.
Мастачка і выкладчыца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Людміла Шчамялёва раскрыла некаторыя “сакрэты” творчай кухні Хрысціны Высоцкай. Адзначыла, што яе паважаюць калегі, з задавальненнем назіраюць за творчымі эксперыментамі. Цёплыя словы падзякі прагучалі ад студэнтаў, з якімі зараз працуе маладая выкладчыца.
Наведаць выставу Хрысціны Высоцкай “Лекі ад меланхоліі” можна ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча да 2 студзеня 2020 года.

