3 снежня 2019 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылося мерапрыемства “Конкурс цмока Шушу” – падвядзенне вынікаў конкурсу малюнкаў. Конкурс праходзіў падчас працы часовай экспазіцыі “Вершы ў малюнках” – сумеснага выставачнага праекта з Пасольствам Венгрыі ў Беларусі.
Творчае натхненне ўдзельнікам конкурсу надавала аснова эспазіцыі: ілюстрацыі да дзіцячых вершаў, выдадзеных у сучаснай Венгрыі, прадметы са знакамітай калекцыі “Цацкі ў горадзе” Музея Обуда (г.Будапешт) і керамічныя вырабы (героі венгерскіх казак, мультыплікацыйных фільмаў), прадастаўленыя Мастацкім таварыскім аб’яднаннем імя Ласла Месараша (г.Будапешт).
Падчас працы выставы многія наведвальнікі адкрылі для сябе Венгрыю і вядомыя на ўвесь свет венгерскія вынаходніцтвы. Сярод такіх – Кубік Рубіка. Таму на ўрачыстае мерапрыемства з цікавай праграмай завіталі прадстаўнікі Федэрацыі спідкубінгу Беларусі.
Але не толькі цацкі і ілюстрацыі натхнялі ўдзельнікаў конкурсу. Значная частка выставы складалася з кніжных выданняў з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Таму на мерапрыемстве з дапамогай студэнтаў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, якія вывучаюць венгерскую мову пад кіраўніцтвам лектара Зіты Борбей, адбыліся чытанні венгерскіх казак у перакладах.
Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі свае ўзнагароды і перадалі малюнкі Пасольству Венгрыі для выкарыстання іх падчас адмысловых мерапрыемстваў.
Запрашаем і Вас за натхненнем і цікавымі эксперыментамі ў наш Музей!