17 верасня 2019 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылося адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “Міхась Лынькоў: “…мой жыццёвы і творчы шлях”, прымеркаванай да 120-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры – народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова. У вечарыне прынялі ўдзел сваякі Міхася Лынькова, літаратуразнаўцы, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі.
З прывітальным словам да гасцей выступіла Настасся Кальцова, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Цёплымі ўспамінамі пра сваё дзяцінства і пра дзядулю Міхася падзялілася Ірына Ратнікава, унучка народнага пісьменніка. Пра мастацкія вартасці твораў Міхася Лынькова распавялі літаратуразнаўцы і выкладчыкі кафедры гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ – Анатоль Верабей, Людміла Карпава і Міхась Кенька, а таксама – Віктар Шніп, паэт, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Ганаровым госцем мерапрыемства быў Анатоль Ільіч Вярцінскі, адзін са старэйшых беларускіх пісьменнікаў.