У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча 11 верасня, да Дня горада Мінска, адкрылася мастацка-дакументальная выстава “Горад – гэта мастацтва”, прысвечаная выдатнаму архітэктару, мастаку, пісьменніку і творчай асобе Леаніду Левіну.
У адзіным прыжыццёвым зборніку Максіма Багдановіча “Вянок” ёсць нізка вершаў “Места”, прысвечаных гораду. Фактычна Максім Багдановіч з’яўляецца першым у беларускай літаратуры паэтам-урбаністам. Як вядома, музей паэта знаходзіцца ў Траецкім прадмесці, у будынку – помніку гарадской архітэктуры XIX стагоддзя, што быў рэканструіраваны групай архітэктараў (сярод іх быў і Леанід Левін), якія ўзнаўлялі архітэктурнае аблічча гістарычнага цэнтра Мінска ў 1980-я гады. Леанід Левін пакінуў шмат прысвячэнняў гораду ў архітэктурных аб’ектах. Архітэктар лічыў, што горад падуладны модзе, як любы від мастацтва. Адсюль і назва выставы “Горад – гэта мастацтва”.
Выстава была арганізавана сумесна з “Творчай майстэрняй архітэктара Левіна Л.М.”, якой кіруе яго дачка, Галіна Левіна, таксама таленавіты архітэктар. Усе прадметы, прадстаўленыя на выставе, – з архіва Леаніда Левіна, многія рэчы выстаўляюцца ўпершыню. На выставе можна пазнаёміцца з мастацкімі працамі архітэктара, прысвечаных гораду Мінску, на якіх ён паўстае як нетыповы для савецкага часу мастак-урбаніст
Першую экскурсію па выставе правяла Галіна Леанідаўна Левіна. Перад гасцямі імпрэзы выступілі сябры Леаніда Левіна: вядомыя архітэктары Сяргей Багласаў, Міхаіл Гаўхфельд, Армэн Сардараў. Кожнаму з іх было што сказаць пра свайго выбітнага калегу.
Напрыканцы імпрэзы наведвальнікі выставы мелі магчымасць паглядзець дакументальны фільм “Маналог. Леанід Левін”, падрыхтаваны Белвідэацэнтрам. Прадзюсар фільма – Юрый Ігруша, сябар Леаніда Левіна.
Выстава будзе працаваць па 10 кастрычніка 2019 года.
СМІ пра выставу (сюжэт АНТ): https://ont.by/news/neizvestnye-proekty-arhitektora-leonida-levina-predstavyat-v-muzee-maksima-bogdanovicha
