Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры шчыра запрашае ў госці 2 верасня 2019 г. на Дзень ведаў, каб весела і пазнавальна правесці першы дзень новага навучальнага года!
Святочную праграму Музея пачне муз-квіз “О чароўны казачны свет” – інтэрактыўная эскурсія, падчас якой вы пазнаёміцеся з часовай экспазіцыяй “Чароўны казачны свет” і героямі беларускіх казак – лялькамі, зробленымі мастачкай Святланай Давыдзька-Цехановіч. Калі? 2 верасня ў 10.00.
Адмыслова на Дзень ведаў у Музей завітаюць спецыяльныя госці – беларускі паэт і празаік Мікола Чарняўскі, перакладчыца і пісьменніца Ганна Янкута.
Кнігі Міколы Чарняўскага даўно палюбіліся чытачам, увайшлі ў школьныя чытанкі, сталі сябрамі ўсіх, хто любіць родную літаратуру. Пісьменнік напісаў больш за пяць дзясяткаў кніг для дарослых і дзяцей і будзе чакаць маленькіх чытачоў у госці, каб распавесці пра свае кнігі і творчасць, а дзеці змогуць на свае вочы ўбачыць, хто для іх піша творы. Калі? 2 верасня ў 11.00.
Ганна Янкута перакладае кнігі для дзяцей і дарослых, дзякуючы ёй па-беларуску з’явіліся на свет гісторыі пра Шэрлака Холмса, кніга жахаў «Замак Отранта» Уолпала, зімовая казка з прывідамі «Калядны харал» Дыкенса і шмат чаго яшчэ. Пісьменніца раскажа пра сваю цікавую кнігу «Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў». Падзеі ў кнізе адбываюцца ў сучасным сапраўдным Мінску, таму дзеці змогуць пазнаць сакрэтныя месцы, якія сустракаюцца ў кнізе, і з бацькамі наведаць іх. Аўтарка раскрые таямніцы, як яна прыдумляла кнігу, і раскажа пра герояў, якія, несумненна, зацікавяць маленькага чытача. Калі? 2 верасня ў 12.00.
Акрамя сустрэчы з пісьменнікамі ў музеі можна будзе даведацца пра літаратурны працэс і яго прадстаўнікоў другой паловы ХХ ст., пазнаёміцца з “Каўказскімі творамі Л.М.Талстога” у ілюстрацыях В.Граблеўскай і часовай экспазіцыяй “Васіль Быкаў. Пункціры жыцця…”.
Кошт:
Музейна-педагагічны занятак – 1 руб. 50 кап.
Муз-квіз, гульня-хадзілка – 3 руб. 00 кап.
Экскурсія: адпаведна прэйскуранту.
Папярэдні запіс абавязковы.
Тэлефон для папярэдняга запісу: (017) 334 – 56 – 21.