22 жніўня 2019 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылося адкрыццё часовай літаратурна-мастацкай экспазіцыі “Каўказскія творы Л.М.Талстога” з ілюстрацыямі Вольгі Граблеўскай – сумеснага выставачнага праекта з Федэральнай дзяржаўнай установай культуры “Дзяржаўны мемарыяльны і прыродны запаведнік “Музей-сядзіба Л.М. Талстога “Ясная Паляна”.
З прывітальным словам выступілі – Міхаіл Рыбакоў, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Юлія Араева, саветнік па культуры Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь.
Валянціна Міляева, загадчыца аддзела стацыянарных выстаў музея-сядзібы Л.М.Талстога “Ясная Паляна” зрабіла віртуальную экскурсію па сядзібе праз фільм, у які ўвайшлі ўнікальныя відэазапісы з жыцця пісьменніка.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел: Іван Саверчанка, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янка Купалы НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар, літаратуразнавец; супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі; Віктар Шніп, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”, паэт, празаік, перакладчык; Навум Гальпяровіч, намеснік дырэктара дырэкцыі канала “Культура”, паэт, публіцыст.
У выдатным мастацкім выкананні Алега Вінярскага, акцёра і рэжысёра Беларускай дзяржаўнай нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, прагучалі ўрыўкі з аўтабіяграфічнай аповесці Л.Талстога “Казакі” на мове арыгінала, а таксама з аповесці “Хаджы-Мурат” у перакладзе на беларускую мову.