22 жніўня 2019 года а 17-ай гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на адкрыццё часовай літаратурна-мастацкай экспазіцыі “Каўказскія творы Л.М.Талстога” – сумеснага праекта з Федэральнай дзяржаўнай установай культуры “Дзяржаўны мемарыяльны і прыродны запаведнік “Музей-сядзіба Л.М.Талстога “Ясная Паляна”.
Леў Мікалаевіч Талстой – знакаміты класік рускай і сусветнай літаратуры. Яго пяру належаць выдатныя творы: “Война и мир”, “Анна Каренина”, “Воскресение”, “Крейцерова соната”, аўтабіяграфічная трылогія “Детство”, “Отрочество”, “Юность” і іншыя. Пісьменнік аказаў моцны ўплыў на эвалюцыю еўрапейскага гуманізму, а таксама на развіццё рэалістычных традыцый у сусветнай літаратуры.
Значную ролю ў станаўленні Льва Мікалаевіча Талстога як пісьменніка адыграў Каўказ. Даследчыкі творчасці падкрэсліваюць, што ў каўказскіх апавяданнях складваўся агульны філасофскі погляд пісьменніка на жыццё, вайну і мір, які ўвасобіўся ў мастацкіх вобразах.
Экспазіцыя “Каўказскія творы Л.М.Талстога” прадстаўляе ілюстрацыі вядомай пецярбургскай мастачкі Вольгі Граблеўскай, створаныя спецыяльна для аднайменнага калекцыйнага выдання. Зборнік быў выдадзены ў 2018 годзе пяцігорскім выдавецтвам “Снег” сумесна з музеем-сядзібай Л.М.Талстога “Ясная Паляна” да 190-годдзя пісьменніка. У выданне ўвайшлі вядомыя каўказскія творы пісьменніка: “Набег”, “Рубка леса”, “Разжалованный”, “Мильтон и Булька”, “Казаки”, “Кавказский пленник”, “Хаджи-Мурат”.
Акрамя знаёмства з каўказскай тэмай у жыцці і творчасці Л.М.Талстога, наведвальнікі экспазіцыі змогуць узгадаць вядомыя творы пісьменніка праз прыжыццёвыя выданні, апынуцца ва ўяўным месцы адпачынку і працы творцы, даведацца пра ўплыў творчасці Льва Тастога на беларускую літаратуру.
Рэдкія выданні прадстаўлены Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры наведвальнікі змогуць убачыць кніжныя выданні і рукапісы перакладаў твораў Льва Мікалаевіча Талстога на беларускую мову.
На адкрыццё экспазіцыі запрошаны прадстаўнікі Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі, супрацоўнікі музея-сядзібы Л.М.Талстога “Ясная Паляна”, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа НАН Беларусі, прадстаўнікі Беларускага саюза мастакоў, а таксама літаратуразнаўцы, выкладчыкі ВНУ, музейшчыкі, бібліятэкары, акцёры, музыкі.
Уваход вольны.
Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
(вул. М. Багдановіча, 13).
Кантактны тэлефон: (017) 335-44-47.