У юбілейны год 95-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Васіля Быкава, фонды нашага музея актыўна папаўняюцца прадметамі, звязанымі з яго жыццём і творчасцю.

Юлія Якаўлеўна Бураўкіна, удава Генадзя Бураўкіна, падарыла нашаму музею кнігі Васіля Быкава з дароўнымі надпісамі аўтара Генадзю Бураўкіну, а таксама фатаграфіі, на якіх Васіль Быкаў у кампаніі беларускіх пісьменнікаў і дзеячаў культуры: Ніла Гілевіча, Ігара Лучанка, Мікалая Матукоўскага, Генадзя Бураўкіна, Андрэя Макаёнка, Анатолія Сульянава, Міхася Савіцкага і іншых. Сярод перададзеных прадметаў музейнага значэння ёсць фотапартрэт Васіля Быкава з дарчым надпісам на адваротным баку Мікалаю Матукоўскаму, беларускаму драматургу.

Бураўкін Генадзь Мікалаевіч (28 жніўня 1936 — 30 мая 2014) — беларускі паэт, журналіст, дзяржаўны дзеяч. Лаўрэат дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы (1980).

Выказваем шчырую падзяку паважанай Юліі Якаўлеўне за перададзеныя матэрыялы і шматгадовае сяброўства з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры.

Нагадваем, што ў музеі працуе часовая літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Васіль Быкаў. Пункціры жыцця…”.
