Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Адкрый для сябе скарбы нацыянальнай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Беларуская моваРусскийEnglish简体中文

Літаратурнае падарожжа на Ушаччыну “1.1.1”

Раніца. Субота. 22 чэрвеня. Каля станцыі метро “Усход” стаяць людзі ў аднолькавых блакітных цішотках. Яны прыцягваюць да сябе ўвагу з-за прынтоў і надпісаў – цытат з верша аднаго вядомага паэта, які пісаў “Дзе ні хадзіў, краса такая, другое нават і не сніў, ды ўсё ж усім я спачуваю, хто на Ушаччыне не быў!”. Гэтыя людзі чакаюць – на тварах нібыта напісана, што наперадзе чакае напружанае сваёй таямнічасцю падарожжа.

Гэтыя людзі – супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і філіяла гэтага музея – Літаратурнага музея Петруся Броўкі. Таго самага Петруся Броўкі, што ўварваўся ў вір беларускай літаратуры ў 1930-я гады.

Падарожжа, да якога ў хуткім часе далучыліся літаратуразнаўцы, аматары беларускай паэзіі, журналісты, пераможцы конкурсу “Музей для дваіх”, было прысвечана тром выбітным класікам беларускай літаратуры, тром слаўным сынам Ушацкай зямлі – Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну, Петрусю Броўку.

Ужо ў двухпавярховым аўтобусе распачаліся нон-стоп чытанні ўрыўкаў з твораў Быкава, вершаў Барадуліна і Броўкі. Жадаючыя сядалі на спецыяльнае месца ля мадэратара чытанняў ці з падрыхтаванымі ўлюбёнымі радкамі, ці з прапанаванымі музейшчыкамі камплектамі “Броўка. Быкаў, Барадулін”.

Лірычныя радкі, зялёныя краявіды ды лагоднае надвор’е – ўсё стварыла добры настрой для падарожжа. Да першага прыпынку – так званай “крыніцы паэтаў” – удзельнікі мелі магчымасць паслухаць, чаму яна атрымала такую назву. Па лепельскай дарозе на Ушаччыну, ля гэтай крыніцы, што знаходзіцца недалёка ад маленькай рачушкі Эса, на працягу ўсяго жыцця заўсёды спыняўся Пятрусь Усцінавіч Броўка, каб наталіцца чыстай і смачнай вадой. Броўка прывіў традыцыю сваім сябрам-літаратарам, а праз іх успаміны аб крыніцы даведаліся супрацоўнікі Літаратурнага музея Петруся Броўкі. У мінулым годзе распачаліся перамовы з адміністрацыяй Лепельскага раёна аб усталяванні памятнага знака на месцы крыніцы.

І сапраўды, калі робіш глыток празрыстай, як сляза, салодкай вады, адчуваеш яднанне з самой Прыродай, з самім Сусветам. Словы на воданакапляльніку “Спасибо!!! Вода – это жизнь!!!” падкрэсліваюць тоеснасць жыццядайнай сілы крыніцы і жыццядайнай сілы паэтычнага радка.

Другі прыпынак – дом Рыгора Іванавіча Барадуліна ва Ушачах, які ласкава прыняў гасцей, хаця б мы і прыехалі дадому на вакацыі. Уступнае слова Алены Васільеўны Пашковіч, намесніка старшыні Ушацкага райвыканкама. Працягнула журналіст Беларускага радыё Галіна Шаблінская, якая ведала Рыгора Барадуліна асабіста па шматлікім сумесным інтэрв’ю. Дом народнага паэта ўжо набліжаецца да сапраўднай музейнай прасторы – вялікая колькасць рэчаў захавалася так, як пры жыцці Рыгора Іванавіча. Кожнае наведванне адкрывае новыя цікавыя факты і рэчы. Напрыклад, паэт вельмі любіў чытаць дэтэктывы Джеймса Хэдлі Чэйза. На палічцы знайшоўся нават размоўнік – на беларускай, нямецкай, англійскай, іспанскай, французскай, італьянскай і рускай мовах.

На могілках, дзе знайшоў вечны прыстанак Рыгор Іванавіч і яго маці Акуліна Андрэеўна, прагучалі шчырыя словы падзякі за творчы шлях. Малітва, добрае слова, кветкі і ціхі ласкавы павеў ветрыка, нібыта стары сябра дакрануўся да нашых валос.

Бычкі сустрэлі нас лагодным надвор’ем. Сонейка сагрэла сваім праменнем валун, які быў усталяваны недалёк ад хаты народнага пісьменніка Беларусі напярэдадні нашага наведвання, 21 чэрвеня 2019 года. Удзельнікі вандроўкі мелі магчымасць задаць свае пытанні сваячке Васіля Быкава Антаніне Андрэеўне і паслухаць экскурсію загадчыка Бугай Наталлі Пятроўны УК “Ушацкі музей народнай славы імя Ул. Елісеев. Лабанка”.

Апошняй, але самай важнай для супрацоўнікаў Літаратурнага музея Петруся Броўкі, кропкай у падарожжы з’яўлялася загадкавая, амаль вымерлая вёска Пуцілкавічы, дзе нарадзіўся народны паэт Беларусі. Але ж, Хата-музей Петруся Броўкі існуе, працуе — прымае сваіх наведвальнікаў.

Загадчык музея Міхаіл Леанідавіч Сыс сустрэў нас у добрым настроі. Супрацоўнікі прывезлі новыя здабыткі музейных фондаў – фотаздымкі Петруся Броўкі і Васіля Быкава, чые сяброўства зарадзілася толькі ў апошнія гады жыцця паэта.

Пасля доўгага шляху да мастацтва і лёгкага паветра Ушаччыны, усіх чакала ўручэнне падарункаў чытачам твораў трох майстраў беларускага слова і ўтульная аўтэнтычная вячэра, якую падрыхтаваў гаспадар Міхаіл Леанідавіч. Суп па-ўшацку, бульба ў мундзірах, бярозавы квас з журавінамі ды ўшацкі хлеб – бадай, самая смачная ежа ва ўсёй Беларусі – ў гэты дзень дакладна. Уражанні ад літаратурнага падарожжа “1.1.1” яшчэ доўга застануцца прыемнымі ўспамінамі і файнымі фотаздымкамі.59491424699309

Close Menu